Наша каманда ў гасцях сустракалася са "Смаргонню". Гульня не пайшла ў нашай каманды ад самага пачатку, яна стала яўна гуляць ад абароны і надзвычай рэдка высоўвалася наперад. Урэшце, гэтым скарысталіся вопытныя футбалісты, якіх удосталь у смаргонцаў. На 22-й хвіліне магутны ўдар Бандарэнкі прыйшоўся ў папярэчыну брамы Антона Навічкова, затым снарад выляцеў у поле. Першы нармальны эпізод ля чужой брамы, якую абараняў Жук, узнік толькі на 28-й хвіліне, калі пасля падачы Данілковым вуглавога Пракапенка прабіў галавой - крыху высока.
Ну, а затым пачалося збіццё "сіня-белых". На 31-й хвіліне Крот адкрыў лік, а на 42-й Калінін паспеў на дабіванне, і - 2:0. А самае прыкрае тое, што смаргонцы забілі яшчэ раз да перапынку. Ужо ў кампенсаваны арбітрам час той жа Калінін перакінуў мяч над Навічковым - 3:0. У другім тайме нічога істотна не змянілася, ужо на 51-й хвіліне толькі майстэрства брамніка дазволіла "Оршы" ліквідаваць пагрозу пасля ўдару са штрафнога. А затым і брамнік перастаў ратаваць каманду. На 63-й хвіліне Жданок павялічыў адрыў. Пасля гэтага "Орша" практычна і не атакавала, а "Смаргонь" спрабавала папрактыкаваць іншыя камбінацыі. На 85-й хвіліне цягам 30 секундаў гулец гаспадароў Казко аформіў дубль - 6:0. Такі і вынік матчу.