Інфармацыйныя сайты Беларусі абляцелі фотаздымкі сустрэчы вучняў і настаўнікаў аршанскай сярэдняй школы №19 з прадстаўнікамі арганізацыі «Православный казачий военно-патриотический клуб во имя Архангела Михаила». Адметна, што «псеўдаказакі» мелі нашыўкі са сцягамі Расіі, а таксама ўручалі дзецям георгіеўскія стужачкі і медалькі ў колеры нацыянальных сцягоў Расіі. Пасля таго, як сустрэча атрымала шырокі розгалас, інфармацыя пра яе знікла з сайта школы.
Каб разабрацца ў сітуацыі, "Наша Ніва" патэлефанавала дырэктарцы школы Людміле Шапавалавай.
«Навучальны год скончыўся, таму навіну выдалілі. Ніякага ціску тут не было. Проста ўсе ўжо, хто хацеў, з навіной азнаёміўся. Гэтак жа будзе рабіць з астатнімі навінамі, праз нейкі час іх выдалім», — так тлумачыць яна знікненне навіны з сайта школы.
Як увогуле ацэньвае сустрэчу спн.Шапавалава сустрэчу з «казакамі»? «Нармальна. Да нас яны прыязджалі па лініі праваслаўнага выхавання. Яны прыехалі ад Віцебскай епархіі. Мы дзяліліся досведам», — кажа Людміла Віктараўна.
А ці не бянтэжыць яе наяўнасць у гасцей школы расійскіх сцяжкоў на адзенні? «Ну, гэта ж былі не нацыяналісты. Не шукайце ў гэтым правакацый, не шукайце «ДНР». Праваслаўе аб’ядноўвае ўсе нацыянальнасці. Сустрэча была ўсяго адзін раз і цягнулася нядоўга, усяго тры з паловай гадзіны. А Расія ў нас не забароненая».
Яшчэ адно пытанне, а што за сцяг уздымалі школьнікі і «казакі» падчас сустрэчы – чорна-чырвона-зялёны? «Які чорны? Не было там чорнага – гэта фіялетавы», — адразу выпальвае дырэктарка, аднак потым дадае, маўляў, не ў курсе, што гэта за палотнішча. Вось так, дазваляюць уздымаць сцяг, а што за ён – ні гу-гу.
«Не трэба тут сутыкаць ілбамі нас, усё ў парадку», — рэзюмавала дырэктарка СШ №19 горада Оршы Людміла Шапавалава.