Традыцыйна найбольш актыўнымі ўдзельікамі датэрміновага галасавання, якое пачалося сёння (6 кастрычніка) з 10 раніцы сталі пенсіянеры. Так, у школе №5 першая бабуля прыйшла прагаласаваць яшчэ ў 9-45, хаця ўчастак адкрываўся для выбаршчыкаў толькі а 10 гадзіне. Увогуле гэтая кампанія як у нашым рэгіёне, так і па ўсёй краіне мае шэраг асаблівасцяў. Па-першае, на ўчастках для галасавання, нарэшце, з'явіліся празрыстыя скрыні для галасавання. Па-другое, гэтыя выбары самыя пасіўныя з усіх выбараў прэзідэнта якія калі-небудзь былі ў краіне. Па горадзе і тым больш у раёне амаль няма агітацыйных матэр'ялаў. Агітацыйныя плакаты з'явіліся толькі ў падтрымку кандыдата Гайдукевіча. Адзіны агітацыйны пікет у горадзе правялі таксама пакуль што толькі прыхільнікі Гайдукевіча.
Галоўны апанент дзеючага прэзідэнта - Таццяна Караткевіч - агітацыйныя мерапрыемствы ў нашым рэгіёне пакуль што праводзіла толькі ў Талачынскім раёне і Оршу наведае заўтра 7-га чысла. У гэты дзень у яе запланаваны пікеты ў вёсцы Ляды (Дубровенскі раён), Дуброўна, а ў Оршы пройдзе агітацыйны пікет а 16-30 каля Езуіцкага калегіюма і сустрэча з выбаршчыкамі а 17-30 у актавай залі школы мастацтваў №1.