Яшчэ да пачатку датэрміновага галасавання многія назіральнікі за выбарамі падалі ва ўчастковыя камісіі прапановы па празрыстым падліку галасоў. На сёняшні дзень звычайны падлік галасоў выглядае прыблізна наступным чынам: назіральнікам адводзяць месца за некалькі метраў ад сталоў дзе будуць лічыцца галасы, сябры камісіі абступаюць стол такім чынам, каб назіральнікі не маглі бачыць бюлетэні, кожны сябра камісіі лічыць сваю частку галасоў і шэптам, або на паперцы (зноў жа, каб ніхто не чуў яго вынікаў) перадае дадзеныя старшыні або сакратару камісіі, які ўжо вядзе агульны падлік. У выніку такога падліку ні назіральнікі, ні, нават, самі сябры камісіяў не ведаюць якія лічбы лічыць старшыня камісіі. Назіральнікі ад дэмакратычных арганізацый падалі прапанову па празрыстым падліку, каб кожны бюлетэнь дэмантраваўся і падлічваўся ў слых па аднаму. Такі падлік галасоў забяспечыць адкрытасць лічбаў.
Але амаль усе камісіі ў якія падавалася такая прапанова адмовіліся лічыць галасы празрыста, вырашыўшы выкарыстоўваць ранейшую схему. Выключэнне склаў адзін вясковы выбарчы ўчастак з невялікай колькасцю выбарцаў.
Акрамя таго шэраг назіральнікаў паведамляюць пра маніпуляцыі з колькасцю выбаршчыкаў на ўчастках у Оршы. Назіральнікі на працягу ўсіх дзён галасавання лічылі колькасць прагаласаваўшых. Лічбы якія атрымалі ў выніку падліку назіральнікі і вынікі якія дае камісія значна розняцца - на некаторых ўчастках гэтая розніца даходзіць ад 90 да 175 чалавек. Тое самае па яўцы выбаршчыкаў у дзень галасавання, тут разбежка даходзіць да 300 чалавек.
Не звычайна вялікая колькасць людзей была запісана ў галасаванне па месцу жыхарства - калі сябры камісіі прыязжаюць да выбаршчыка дамоў. На розных участках на "хатнія выбары" запісана ад 10 да 30 працэнтаў выбаршчыкаў. Традыцыйна на галасаванне па месцу жыхарства выбаршчыка назіральнікаў не дапускаюць. Самастойна змаглі паехаць за камісіяй назіральнікі ўчастка №8. Сюрпрыз чакаў ужо на пятай адрэсе - выбаршчык да якога прыехалі сябры камісіі даўно памёр.
Па нашай інфармацыі, у гэтым годзе назіральнікі пішуць больш чым звычайна скаргаў на дзеянні камісіяў.