Трое хлопцаў стаялі на скрыжаванні каля плошчы Цэнтральнай і ў той момант калі аўтамабілі прыпыняліся на чырвонае святло, раздавалі аўтамабілістам расійскія сцягі.
У Оршы такі несанкцыянаваны пікет быў заўважаны ўпершыню, але па іншых рэгіёнах, у тым ліку, у Мінску такія людзі ўжо з'яўлялася. іхняя задача раздаць як мага больш сцягоў суседняй дзяржавы, зручных для ўсталёўкі ў машынах. Чым больш такіх сцягоў будзе на панэлях аўтамабіляў беларусаў, тым больш ствараецца ўражанне што да прысутнасці на тэрыторыі Беларусі агентаў уплыву Расеі людзі ставяцца лаяльна.
Аднак узнікаюць пытанні, чаму беларускія аўтамабілісты павінны прапагандаваць дзяржаўную сімволіку хай і суседняй, але ўсё ж іншай дзяржавы. Хіба гэта не замежнае ўмяшальніцтва? Якую мэту ставяць перад сабой гэтыя людзі? Выходзіць, што адчуваць сябе грамадзянамі Беларусі сорамна, таму давайце маскіравацца пад расейцаў?
Праўда, далёка не ўсе грамадзяне Беларусі лаяльна ставяцца да раздачы сімвалаў суседняй дзяржавы. Так, у Мінску ўжо было некалькі выпадкаў, калі кіроўцаў грамадскага транспарту пазбаўлялі прэміяў і каралі вымовамі за ўсталёўку такіх сцягоў на панэлі сваіх аўтобусаў.