Акцыя ўшанавання памяці расстраляных на Кабыляцкай гары адбылася яшчэ 7-га лістапада. Самы час распавесці пра аднаго з важных гасцей нашага горада. Усе, хто прыходзіць на Кабыляцкую гару, каб узгадаць беларусаў, якія загінулі ад бальшавіцкіх катаў, здзіўляецца шыльдзе "Польскі шпіён Тарэнта Шушкевіч з Лепельшчыны. Расстраляны 1.Х.37". Людзі, якія ведаюць гісторыю Кабылякоў і трагічныя падзеі ў іх разам з Курапатамі, Лошыцкім ярам, Магілёўскай шашой і дзясяткамі іншых месцаў, разумеюць сарказм. Для выпадковых жа падарожнікаў, якія нечакана заўважылі камень, крыжы і вянкі на памятным месцы, надпіс выглядае па-іншаму. Маўляў, раз ён польскі шпіён, дык чаму тады яго памяць ушаноўваюць?!
"Насамрэч, ніякім польскім шпіёнам мой дзед Тарэнта не быў, ды й быць не мог. Звычайны вясковец з вёскі Верабкі на Лепельшчыне. Да тагачаснай мяжы з Польшчай, якой бальшавікі фактычна аддалі Заходнюю Беларусь, была пара дзясяткаў кіламетраў, вось бальшавіцкія каты і запісвалі ў шпіёны ўсіх каго можна. Стаць агентам польскае выведкі можна было за звычайны пачак польскіх цыгарэтаў, за пару злотых, знойдзеных на гарышчы, за што заўгодна" - гаворыць аўтар той самай "дзіўнай" шыльды Валадар Шушкевіч.
Гэтым разам ён прыехаў у Оршу разам са сваім малодшым сынам Алегам. Ад неабыякавых аршанцаў ён пачуў просьбу ўзяць слова "шпіён" у двухкоссі, каб любому быў зразумелы несправядлівы прысуд, а такіх жа прысудаў выносіліся сотні тысячаў! Шаноўны госць з Лепеля дэманструе сваё ліставанне з КДБ, у свой час яму прыслалі дакументы, дзе напісана пра рэабілітацыю дзеда Тарэнты. Ён быў рэабілітаваны толькі праз 22 гады, у 1959 у сувязі з недаказанасцю абвінавачання. Шыльду вырабляў мастак Алесь Саўчанка, цяпер яна "надарваная", калі так можна казаць пра кавалак цынку.
Валадар Шушкевіч яшчэ і аўтар ідэі фэсту "Лепельскі Цмок", які сёлета наведалі і многія аршанцы. Журналіст змяшчае свае матэрыялы на сайце lepel.by. У сваім "Блогу Блукача", напрыклад, ён апісаў свой ранейшы візіт у Кабылякі, калі быў пастаўлены крыж з памятнай шыльдай у гонар дзеда Тарэнты, а таксама падзеі 2015 года, свой новы прыезд пад Оршу і людзей, якіх ён сустрэў у дзень ушанавання ахвяр сталінскага генацыду. Валадар Шушкевіч выступае супраць пераназвання Кабыляцкай гары ў Гару Памяці, пераназваннямі займаліся бальшавікі, якія сапсавалі беларускую тапаніміку і многія назвы дагэтуль гучаць несамавіта і, кажучы шчыра, пачварна. А Кабылякі, згодна з думкай спадара Валадара, якраз "б'юць па галаве", нагадваюць пра трагедыю, пра масавае вынішчэнне беларусаў.
Валадар Шушкевіч і надалей збіраецца прыязджаць у Оршу, а таксама запрашае аршанцаў на фестываль "Лепельскага Цмока", які адбудзецца ў наступным годзе.