Пачаліся рэгулярныя пасажырскія перавозкі па маршруце Запарожжа - Менск. Украінская авіякампанія "Мотор Січ" з 19 снежня плануе зрабіць іх штодзённымі, пакуль жа вінтавыя самалёты АН-140 лётаюць чатыры разы на тыдзень. У першы рэйс з Запарожа ў Менск адправіліся 10 чалавек, у тым ліку і дырэктар "Мотор Січ" Генадзь Маслаў. Пакуль самалёт будзе вылятаць з Украіны ў 6.45, прылятаць а 10.00. Вылет назад ва Ўкраіну а 15.00, прылёт у 16.15. Кошт квітка ў адзін бок - 90 даляраў.
Папулярнасць рэйсаў можа ўзрасці яшчэ і ў сувязі з адменай пералётаў паміж Расеяй і Украінай. Кампанія збіраецца пачаць рэйсы Кіеў - Менск, калі атрымае на тое дазвол. У размове з tut.by, Генадзь Маслаў адзначыў:
- У нас у Беларусі ёсць вельмі вялікія інтарэсы, звязаныя з Аршанскім авіярамонтным заводам. Акцыянернае таварыства "Матор-Січ" пачало развіваць там свае верталётныя праграмы. Мы распрацавалі два ўкраінскіх верталёты "Мі-2 МСБ", "Мі-8 МСБ". Супрацоўніцтва па верталётнай праграме дае свой плён і для нашага прадпрыемства, і для Аршанскага авіярамонтнага завода. Зусім хутка мы плануем перадаць нядаўна арганізаванай авіякампаніі "Орша-Эйр" самалёт "Як-40", каб сертыфікаваць іх як самалётнага эксплуатанта. У іх будуць яшчэ і верталёты вытворчасці Аршанскага авіярамонтнага завода. Будзем глядзець і як развіваць рэгіянальныя рэйсы ў Беларусі.