Былая кандыдатка ў прэзідэнты да новага году плануе аб'ехаць 35 населеных пунктаў краіны. За першы дзень вандроўкі Таццяна акрамя Оршы наведала яшчэ 5 гарадоў. У кожным горадзе быў прадугледжаны свой фармат сустрэчаў. У Оршы Караткевіч сустракалася з сябрамі сваёй каманды, валанцёрамі, якія працавалі ў яе падтрымку пад час выбараў.
Размова на сустрэчы ішла не пра выбары, а пра далейшыя планы. Па меркаванні Таццяны, сёння ў грамадстве і ва ўладзе ўжо існуе разуменне неабходнасці рэформаў, але ні ўлада, ні грамадства не разумеюць, што тых, хто жадае пераменаў - ужо большасць. Для таго каб паказаць запатрабаванасць рэформаў, у пачатку наступнага года кампанія "Гавары праўду" правядзе вялікі форум, прысвечаны рэформам у розных галінах.
Плануе "Гавары праўду" паўдзельнічаць і ў парламенцкіх выбарах 2016 года. Зараз складаецца спіс патэнцыйных кандыдатаў. Ужо сёння вядома, што ў Оршы кампанія вылучыць, прынамсі, аднаго кандыдата (У Оршы і раёне будзе дзве акругі па выбарах дэпутатаў), зараз вядуцца перамовы аб тым, хто гэтым кандыдатам стане.