У студзені па ініцыятыве Аршанскага рэгіянальнага парталу orsha.eu адбыўся кольны стол па тэме павелічэння колькасці гледачоў на спартовых трыбунах Оршы. Вядома, былі закранутыя асноўныя праблемы і існуючыя плюсы спорту ў горадзе і раёне. Рабочая група, сабраная Аршанскім моладзевым грамадскім аб’яднаннем “Звяз” па выніках кольнага стала, на адмысловым пасяджэнні прааналізавала прапановы, што паступілі ад аўтарытэтных экспертаў і актыўных удзельнікаў сустрэчы. Частка з іх была прызнаная немэтазгоднай, не самай актуальнай ці не першачарговай. Але многія прапановы былі ўзятыя як важныя і выканальныя, а самае важнае – неабходныя для павелічэння прывабнасці спартовых падзей на Аршаншчыне.
У сваім лісце на адрас начальніка Аддзелу адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэя Загурскага АМГА “Звяз” звяртаецца з канкрэтнымі прапановамі да кіраўнікоў спорту. Усе прапановы падзеленыя на тры падпункты: 1) для павелічэння колькасці гледачоў на спартовых мерапрыемствах, 2) для паляпшэння атмасферы на трыбунах, 3) для павелічэння даходаў ад спартовых падзей.
У прыватнасці, грамадскія актывісты прапануюць узмацніць інфармацыйную працу па анонсах спартовых падзей, праводзіць конкурсы і розыгрышы для малых і дарослых заўзятараў, рэгулярна прадаваць на спаборніцтвах атрыбутыку аршанскіх клубаў і сувеніраў з сімволікай горада Орша. Усяго сабрана 14 актуальных і рэальных прапаноў, выкананне якіх, безумоўна, паспрыяе ўсім тром мэтам-падпунктам.