У футбольным клубе "Орша" адбыліся змены на трэнерскім мосціку. Аляксандр Ладзяны больш не з'яўляецца галоўным трэнерам каманды, а Вячаслаў Герашчанка яго асістэнтам. Галоўным трэнерам "Оршы" стаў Юрый Канаплёў, які ў сераду, 17-га лютага, быў афіцыйна прадстаўлены камандзе, якая ўжо выйшла з адпачынку і, як паведамляе сайт фанатаў "сіня-белых", правяла першую трэніроўку на Гарадскім стадыёне. Дапамагаць Юрыю Канаплёву будзе Васіль Дзятлаў, які ў 2006 годзе выступаў за "Оршу", таму добра знаёмы аршанскай публіцы.
Увогуле трэба сказаць, што кіраўніцтва "Оршы" другі год запар запрашае вядомых спецыялістаў з блізкіх геаграфічна гарадоў. Летась з камандай у першым коле на пасадзе памочніка Аляксандра Ладзянога працаваў вядомы аршанец Юрый Васюцін, які ўсю кар'еру прысвяціў аднаму клубу - "Віцебску", а ў другім Вячаслаў Герашчанка, пераважна вядомы з магілёўскага "Дняпра". Цяпер "сіня-белыя" зноўку робяць стаўку на запрошаных віцебскіх спецыялістаў. І Канаплёў, і Дзятлаў за сваю кар'еру былі звязаныя не толькі з "Віцебскам", але шчыльна асацыююцца менавіта з гэтай камандай.
ДАС'Е
.Канаплёў Юрый Васільевіч. Нарадзіўся 2 лютага 1962 года ў Віцебску. Як гулец выступаў за віцебскія "Дзвіну", КІМ, "Лакаматыў-96" (фактычна — адна і тая ж каманда з перайменаваннямі), берасцейскае "Дынама" і наваполацкі "Нафтан". У складзе чыгуначнікаў Віцебска выйграваў срэбра і бронзу чэмпіянату Беларусі, а ў 1998 годзе заваяваў Кубак краіны. 17 жніўня 1998 года правёў адзіны матч за нацыянальную зборную Беларусі, з камандай Польшчы, прычым у якасці капітана — ўнікальны выпадак!
Трэнерскую кар'еру распачаў у 2000 годзе. Трэніраваў "Лакаматыў-96" з 2000 па 2001 гг., потым сыходзіў з каманды, а ў 2005 вярнуўся ў клуб, які тады ўжо называўся "Віцебскам". Усяго прымаў кіраўніцтва "Віцебскам" пяць разоў, акрамя таго ўзначальваў "Гомель" і "Віцебск-2". Вялікіх поспехаў у трэнерскай кар'еры Юрый Васільевіч пакуль не мае, пры ім "Віцебск" апускаўся з Вышэйшай лігі ў 1-ю. Аднак варта ўлічваць і тое, што ўжо тады віцебляне былі далёкія ад сваіх фінансавых і кадравых магчымасцяў канца 90-х. Чуткі пра тое, што Юрый Канаплёў прыме "Оршу" хадзілі яшчэ перад сезонам-2015, але тады да канкрэтнай справы не дайшло. І вось праз год Канаплёў такі стаў рулявым "сіня-белых".
Дзятлаў Васіль Пятровіч. Нарадзіўся 28 жніўня 1969 года. Кар'ера футбаліста была насычанай, з 1986 года, калі яна пачалася, Дзятлаў змяніў шмат клубаў. Ён гуляў за віцебскія "Віцязь", КІМ, "Дзвіну", "Лакаматыў-96", лідскі "Абуўшчык", "Бабруйск", мазырскі МПКЦ, гарадзенскі "Нёман", а таксама за "Оршу". Паспеў правесці 2 матчы ў нацыянальнай зборнай Беларусі, абодва ў 1996 годзе, з камандамі Літвы (2:2) і ААЭ (0:1). Праславіўся далёкім і эфектыўным уводам мяча з аўта, за што атрымаў мянушку "Містэр-аўт".
Вяртаючыся да выступленняў за "Оршу", трэба адзначыць, што у 2006 годзе цэнтральны абаронца правёў за наш клуб 28 матчаў. Менавіта гэты факт дазваляе спадзявацца на тое, што аршанская публіка добра ўспрыме Васіля Дзятлава як трэнера каманды, нягледзячы на даўнія непрыязныя зносіны паміж фанатамі "Оршы" і "Віцебска".
Пасля заканчэння прафесійнай кар'еры, Дзятлаў доўгі час гуляў на аматарскім узроўні ў чэмпіянаце горада Віцебска. У трэнерскай кар'еры ён ужо дапамагаў Юрыя Канаплёву ў "Віцебску", таксама трэніраваў дубль гэтай каманды, а потым перайшоў у жаночы футбол і прыняў стырно віцебскага клуба "Універсітэт". І вось цяпер Дзятлаў вяртаецца ў мужчынскі футбол, зрабіўшыся памочнікам галоўнага трэнера "Оршы".