Амерыканскі Портлэнд сёлета прымае чэмпіянат свету ў закрытых памяшканнях. Беларуска Аліна Талай адпраўляецца на турнір адной з галоўных фаварытак спаборніцтваў у жаночым бегу на 60 метраў з бар'ерамі. Чэмпіянат пройдзе з 17 па 20 сакавіка. Сёлета чэмпіянат мае новаўвядзенні, усе ўдзельнікі кожнай дысцыпліны будуць уводзіцца ў сектар і прадстаўляцца публіцы ўжо на стадыі паўфіналу. У скачках у даўжыню і трайным скачку, а таксама штурханні ядра на шостую спробу будуць выходзіць толькі спартоўцы, якія знаходзіліся на першых чатырох месцах пасля пяці папярэдніх.
У Портлэнд прыедуць болей за 600 атлетаў з больш чым 150 краін свету. Для Аліны Талай чэмпіянат свету ў залах стане адным з важнейшых этапаў падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў у бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра.