У Магілёве прайшоў адкрыты чэмпіянат Магілёўскай вобласці памяці Валерыя Аляксеевіча і Людмілы Мікалаеўны Катусавых - вядомых гандбольных трэнераў. На турнір была запрошана і аматарская каманда Оршы. Акрамя таго, у спаборніцтвах бралі ўдзел каманды Бярэсця, Лепеля, Горак, самога Магілёва, а таксама Смаленска. Каманда Лепеля заняла трэцяе месца, пераможцамі сталі берасцейцы, а Орша заваявала срэбраныя медалі.
У нашым горадзе з 2008 года няма каманды, якая б прадстаўляла Оршу ў чэмпіянатах Беларусі. Апошняй такой камандай была жаночая "Орша", якая выступала ў тым годзе ў чэмпіянаце краіны. Потым яна была ліквідаваная, і цяпер дарослых каманд у чэмпіянатах Беларусі па гандболе ў нашым горадзе няма. Варта спадзявацца, што з пабудовай новага спартовага комплексу за Лядовай арэнай, гандбольная каманда будзе створана.
Поспех мужчынскай аматарскай каманды на турніры ў Магілёве дэманструе, што ў Оршы цікавяцца ручным мячом, да таго ж аршанцы Вячаслаў Салдаценка і Аляксей Хадкевіч уваходзяць у зборную Беларусі і на мінулым чэмпіянаце Еўропы паказалі сваю важнасць для нацыянальнай дружыны.