Як прылёт ластавак непазбежна азначае надыход вясны, так і ваяжы беларускіх палітыкаў прадказваюць, што на гарызонце выбарчая кампанія. Палітычны дэсант, які высадзіўся ў Оршы, прыехаў прэзентаваць аршанцам стварэнне правацэнтрысцкай кааліцыі ў беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Пакуль у склад новай кааліцыі ўвайшлі Аб'яднаная грамадзянская партыя, Рух за Свабоду, аргкамітэт Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў.
Візіт у Оршу госці пачалі з ускладання кветак да помніка Караткевіча, затым Лябедзька і Яскевіч далі інтэрв'ю нашаму сайту, якое мы апублікуем ў бліжэйшы час. Пасля 12-й гадзіны госці наведалі рынак, дзе раздалі інфармацыйную літаратуру, сустрэліся з прадпрымальнікамі і жыхарамі горада. Затым прайшла сустрэча з аршанскімі актывістамі арганізацый - сябраў кааліцыі, якая прайшла ў ажыўленай атмасферы.
Прадстаўнікі БХД у той жа самы час змаглі правесці семінар ўнутры сваёй каманды і паўдзельнічаць у зборы подпісаў за будаўніцтва бальніцы ў Оршы.