"Сіня-белыя" гулялі ў гасцях з "Гомелем" — колішнім чэмпіёнам Беларусі, які праваліў мінулы чэмпіянат і выляцеў з Вышэйшай лігі ў 1-ю. Задоўга да старту 1-й лігі ў "Гомелі" агучылі адзіную задачу на сезон, вядома ж, максімальную — за адзін год вярнуцца ў Вышэйшую лігу. Каманду ўзначаліў Уладзімір Журавель, які два сезоны таму ўпершыню вывеў менскае "Дынама" ў групавы этап Лігі Еўропы.
Аднак "Орша" пад кіраўніцтвам таксама новага трэнера Юрыя Канаплёва не дазволіла гаспадарам поля адчуваць сябе абсалютна камфортна. Ужо на 3-й хвіліне Дзмітрый Гомза, які неаднаразова забіваў у браму "Оршы", выступаючы і за іншыя клубы, адкрыў лік у матчы. Далей абарона аршанцаў звычайна не памылялася, хаця моманты ў гомельскай дружыны былі. Аршанцы крыху пасмялелі і пачалі пераходзіць у наступ часцей. На 26-й хвіліне Аляксей Хадневіч адкрыў лік сваім галам за "Оршу" — 1:1! Бліскучы ўдар са штрафнога, і гомельскі брамнік Кавалёў нічога не здолеў зрабіць.
"Зялёна-белыя" маглі вызначыцца яшчэ не аднойчы, аднак не далі рады. У "сіня-белых" цудоўны момант быў у таго ж Хадневіча, які мае ўсё, каб стаць лідэрам атак нашага клуба. Нічыя ў першым матчы, аршанцы могуць быць задаволеныя такім вынікам.
Відэагляд матчу: