15:00

+1

8 м/с

981 гПа

18:00

+1

7 м/с

981 гПа

21:00

-0

5 м/с

980 гПа

00:00

-0

3 м/с

979 гПа

03:00

-1

2 м/с

978 гПа

Орша, Спорт

Уладзімір Правалінскі. Размова

01.01.2014 21:45

6736 праглядаў, 1 каментар

Інтэрв'ю з вядомым у мінулым футбалістам "Оршы".

Легенда футбольнага клуба "Орша", бамбардзір каманды ў 90-я гады Уладзімір Правалінскі скончыў кар'еру некалькі гадоў таму. Сваіх герояў трэба ведаць. Прадстаўляем вашай увазе інтэрв'ю з вядомым бамбардзірам. Уладзімір Міхайлавіч распавёў пра пачатак сваёй кар'еры, галы за "Оршу", дружбу з былымі партнёрамі па камандзе, перыяд, калі ён мог апынуцца ў Швецыі і Чэхіі, выпадак у Светлагорску, калі каманда ледзь з'ехала з горада і многае іншае. Цяпер Уладзімір Міхайлавіч працуе выратавальнікам, але за справамі клуба ўважліва сочыць, бывае на матчах. Інтэрв'ю ўзяў блог фанатаў "Оршы".

Распавядзіце калі ласка, як вы прыйшлі ў футбол?

Футболам я пачаў займацца ў 9 гадоў, мой першы трэнер Аляксандар Сяргеевіч Старавойтаў. Да 17 гадоў я займаўся ў яго, а потым стаў гуляць за "Тэмп" з Барані ў трэнера Гучанкова.

Доўга былі ў "Тэмпе"?

Год недзе я пагуляў за "Тэмп", потым сышоў служыць у войска. А пасля арміі вярнуўся зноў у Барань. Неўзабаве "Тэмп" расфарміравалі, утварыўся клуб "Колас-Вусце", але ў Вусце я не паехаў, а перайшоў у аршанскі "Легмаш". Спачатку мы гулялі на вобласці, мне было 23 гады, хутка каманда выйшла ў першую лігу. У тыя ліхія часы ўсё было "купі-прадай", і мяне "Легмаш" прадаў у віцебскі "Тэхнолаг". Каля чатырох гадоў я правёў там.

Тады якраз і маглі з'ехаць за мяжу?

Так. З Віцебска мяне павезлі ў Швецыю, але мы не сышліся ў грошах з мясцовым клубам. Два месяцы я там жыў, быў не адзін, а з Віктарам Навумавым, які акрамя віцебскіх "Дзвіны" і КІМа гуляў за магілёўскі "Дняпро". Мы некалькі сезонаў запар выступалі разам за віцебскі "Лакаматыў" у вышэйшай лізе.

А потым быў яшчэ досвед у Светлагорску?

Так, быў. Мне было ўжо гады 33, калі паклікалі ў "Хімік". Але я адгуляў там паўсезона, потым парваў мышцу і на гэтым выступленні за "Хімік" скончыліся. Вярнуўся ў "Оршу" і гуляў за клуб да 36 гадоў.

А як вы туды трапілі?

Атрымаў запрашэнне ад кіраўніцтва "Хіміка". Ехаць не асабліва хацеў, але ўгаварылі. Звольніўся з МНС у Оршы і паехаў. Потым было цяжка ўладкавацца назад на тую ж працу. Месяцаў 8 ці 9 правёў у Светлагорску, пакуль не парваў мышцу. Плацілі па тых часах высокія зарплаты, афіцыйна мы лічыліся слесарамі, рабочымі мясцовага завода "Хімвалакно". Увесь Светлагорск трымаецца на гэтым заводзе. Плюс ёсць яшчэ і міні-футбольны клуб ЦКК, але як вынікае з назвы – гэты клуб падтрымлівае цэлюлозна-кардонны камбінат. Я быў здзіўлены, што паміж сабой "Хімік" і ЦКК асабліва не "кантачаць", кожны сам сабе.

Прыхільнікі "Оршы" новага пакалення мала што ведаюць пра нашу каманду на пачатку 90-х… Хто трэніраваў клуб у той час?

Каманду трэніраваў Гаранін, а потым ён з'ехаў у Расею. На пасадзе галоўнага трэнера яго змяніў Уладзімір Маргалкін. Пад ягоным кіраўніцтвам мы і выйшлі ў першую лігу. Гулялі з "Полацкам" стыкавыя матчы і прайшлі. Потым старшыня спорткамітэту Алег Уладзіміравіч Казлоў запрасіў галоўным трэнерам Леаніда Барэйшу. Але ў яго не атрымалася дасягнуць з камандай поспеху, ён пачаў ставіць свае жорсткія ўмовы і доўга не пратрымаўся. Пасля яго каманду ўзначальваў Сяргей Шынкевіч, мы зноў выступалі ў першай лізе. Ну а потым былі фінансавыя праблемы, з-за якіх клуб доўга не гуляў на рэспубліканскім узроўні. Якраз той сезон, перад зняццем, я выступаў у Светлагорску.

Як многа ў тыя часы гуляла за "Оршу" сваіх, аршанскіх футбалістаў і як многа было людзей з іншых гарадоў?

Зараз узгадаю… Віця Панчук быў прывезены з Украіны, адтуль жа Міша Рыжала. Абодва ажаніліся ў Беларусі і засталіся тут жыць. Сяргей Школа – яшчэ адзін украінец. Клачок з Менску быў, Міхалёнак Коля з Талачына. Нядаўна бачыў яго, прыязджаў у Оршу па справах. І шосты, хто не з Оршы – брамнік Алег Мігаль з Глыбокага. Пяць чалавек з асноўнага складу – аршанцы, плюс аршанцы Івулін, Жалезнікаў і іншыя тады былі ў рэзерве. Магу сказаць, што пацаны з Украіны ўзмацнілі нашу каманду, мы трымаліся ў сярэдзіне першай лігі.

На фота: 1999 г., 31 кастрычніка, Орша - Хімік Светлагорск, стадыён Барані Ніжні шэраг (злева направа): —, Мігаль Алег. Сярэдні шэраг (злева направа): Івулін Ігар, Васюк Ігар, — , Рыбакоў Дзмітрый, Ларывонаў Уладзімір, Жалезнікаў Алег, Задарожны Вадзім, — , Школа Сяргей. Верхні шэраг (злева направа): Русецкі Леанід, Асіпенка Ігар, Правалінскі Ўладзімір, Рыжала Міхаіл, Шамбоўскі Віктар, Шынкевіч Сяргей, Міхалёнак Мікалай, Жагалаў Сяргей, — , Беразоўскі Сяргей, Дзмітрыевіч — , Жыгараў Уладзімір, — .

Былі ў тыя ліхія сезоны экстрымальныя паездкі на гасцявыя матчы?

Узгадваю адзін эпізод! Аднойчы пад канец сезону мы паехалі на матч у Светлагорск. Мясцовы "Хімік" у выпадку перамогі над намі займаў бы 2-е ці 3-е месца, па-мойму яны бы праходзілі ў вышэйшую лігу з перамогай над намі. Спачатку мясцовыя хацелі з намі дамовіцца, заплаціць, каб мы "злілі" матч. Але мы не пайшлі на падман. Тады яны купілі арбітра. У матчы я забіў гол і "Орша" вяла 1:0, але на 90+5-й хвіліне суддзя прыдумаў пенальці ў нашы вароты. Увогуле мы гулялі столькі, колькі трэба было, каб "Хімік" зраўняў лік. Пенальці мясцовыя забілі, двое нашых – Рыжала і Ларывонаў былі выдаленыя, але лік 1:1 "Хімік" не задавольваў. Суддзю таго, маленькага, потым дыскваліфікавалі, адлучылі ад футбола. Высветлілася, што ён неаднаразова купляў і прадаваў матчы. Ну а тады, у Светлагорску, усе запоўненыя трыбуны былі варожа настроеныя супраць нас.

Ого…

Наш аўтобус стаяў каля лесу побач са стадыёнам, так мы ледзь пакінулі Светлагорск! У аўтобус ляцелі шышкі, іншыя прадметы, мы з'язджалі пад суправаджэннем ДАІ.

Вы згадалі, што ў Светлагорску на матчы з намі былі поўныя трыбуны, а ў Оршы?

Тады стадыён у нас быў не вельмі добры. Гэта цяпер пластыкавыя крэслы, казырок, а тады драўляныя лаўкі пад адкрытым небам. Аднак людзі ўсё роўна прыходзілі. У той час "Орша" нярэдка гуляла хатнія матчы не на Гарадскім стадыёне, а на "Лакаматыве". Там стадыён меньшы, і часта збіраўся ён цалкам.

А стадыён у Барані?

Там поле ёсць неблагое, але не было душавых. І гэта вялікая праблема таго стадыёна па сённяшні дзень. Гулялі там рэдка.

Звернемся да вашай паездкі ў Швецыю. Які клуб вас хацеў узяць?

"Лулеа". Горад Лулеа (LULEÅ) насельніцтвам менш за 80 тысяч чалавек, знаходзіцца на паўночным усходзе Швецыі. Гуляючым трэнерам клуба быў рускі — Уладзімір Галайба, той самы, які гуляў за маскоўскае "Тарпеда". Спачатку там і Віця Навумаў быў, зямляк, праз месяц ён з'ехаў назад у Беларусь, а я яшчэ заставаўся.

Уладзімір Галайба

Так у чым праблема, чаму трансфер так і не адбыўся?

Мы паразмаўлялі з Галайбам – балазе, моўнага бар'еру не было, пагутарылі з кіраўнікамі клуба, дамовіліся на суму, за якую яны мяне набудуць. Але тады былі, як я ўжо казаў, "ліхія часы", кіраўніцтва віцебскай каманды хацела атрымаць не грашовы перавод, а ўсю суму наяўнымі грашыма. Ну а шведы цывілізаваныя людзі, гэта не ў іх правілах, усё праз безнаяўны разлік на рахунак клуба, каб не пайшло "міма кАсы". А ў Віцебску падумалі і сказалі – раз так, то мы "не сышліся ў цане".

Нішто сабе!

"Лулеа" – прафесійны клуб, сезон за яго гуляеш, а пасля едзеш дадому. Потым у прызначаны час прыязджаеш на зборы і рыхтуешся да новага сезону, табе за футбол плацяць грошы. Вось і ў Швецыі пасля прагляду мне сказалі – "Ляці ў Беларусь, рыхтуйся, у красавіку прыязджай і будзеш гуляць". Але перад тым трэба было яшчэ дамовіцца ў Віцебску. А кіраўніцтва каманды ўсё павярнула так, нібыта шведы адмовіліся за мяне грошы плаціць і хацелі ўзяць дарма, а насамрэч "Лулеа" прапанаваў адзіны прымальны для цывілізаванай краіны варыянт – пералічыць грошы на рахунак клуба, усё афіцыйна. У Віцебску не захацелі.

І вы засталіся…

Не, пасля Швецыі мяне павезлі на прагляд у Чэхію. Там зарплаты, канечне, ніжэйшыя за шведскія. Паехалі мы разам з тым жа Навумам у горад Угерске-Градзіштэ. Там за мясцовы клуб "Славацка-Славія" гуляў беларускі брамнік Андрэй Любчанка, быў нават прызнаны лепшым кіперам чэмпіянату Чэхіі. Мы прыехалі туды, тыдзень жылі. Але ў Чэхіі было непрыязнае стаўленне да выхадцаў з былога СССР. Калі ты туды прыехаў, то выкладвайся за дваіх – і за сябе, і за яго. У Швецыі да легіянераў было нармальнае стаўленне, чалавечае.

Уладзімір Міхайлавіч, вы заўсёды гулялі на пазіцыі цэнтрфорварда альбо былі эксперыменты ў іншых амплуа?

Не, заўсёды быў цэнтральным нападнікам.

Вы падтрымліваеце зносіны з былымі партнёрамі па "Оршы"?

Так, канечне падтрымліваю. Панчук і Рыжала працуюць на ТЭЦ у Оршы. З Міхалёнкам сустрэліся нядаўна ў нашым горадзе. Ён у родным Талачыне цяпер жыве. У Менску пару разоў з ім бачыліся. Сяргей Школа вярнуўся ва Ўкраіну. Валодзя Жыгараў за нас гуляў, цяпер ён адміністратар магілёўскага "Дняпра".

У нас у клубе калі-небудзь задумваліся пра статус прафесіяналаў?

Адзін год у 90-я у футбалістаў у працоўных кніжках было запісана "футбаліст", а ў астатнім мы працавалі паралельна на прадпрыемствах. Прафесіяналамі былі ў той сезон, калі яшчэ належалі "Легмашу", у нас свой асобны цэх быў, да якога прыпісалі ўсіх гульцоў клуба. А потым каманду завод перадаў спорткамітэту і зноў мы працавалі на прадпрыемствах. Я дагэтуль здзіўляюся, як нас на год прафесіяналамі зрабілі. Добра было, мы прыходзілі, рэгулярна трэніраваліся.

Перад "Оршай" у 90-я стаяла задача выйсці ў вышэйшую лігу?

Ніколі. Нават калі па гульні мы былі здольныя выйсці ў "вышку", усе ведалі: "грошаў няма". Фінансаванне было разлічана толькі на першую лігу, пра вышэйшую ніхто нават не казаў, задач такіх не было.

У вас была "любімая" каманда, якой пастаянна забівалі?

Не, я ўсім забіваў, але не магу сказаць, што камусьці пастаянна.

А памятны гол ёсць?

Напэўна, той самы мяч у Светлагорску ў вароты "Хіміка", пра які я ўжо згадваў. Калі ўвесь стадыён супраць цябе, нават суддзя, а ты забіваеш за "Оршу" – гэта класна! Мы тады добра пакаралі "Хімік", які хацеў нас перамагчы. Так што той матч і свой гол я памятаю.

На пачатку 2000-х "Орша" з першай лігі знялася з-за адсутнасці фінансавання. Чаму так сталася?

Проста сказалі, што больш няма грошаў на ўтрыманне футбольнага клуба. Я сышоў з каманды, украінскія хлопцы пакінулі "Оршу". Наступіў развал клуба. Не было грошаў паехаць на гасцявы матч. Адмовіліся ад выступленняў на рэспубліканскім узроўні. Але адмовіцца лёгка, а потым цяжка вярнуцца. Доўга мы прабіваліся назад, хаця б у другую лігу, а пачыналі з абласнога чэмпіянату. Тады якраз я стаў трэнерам каманды.

Як клуб аднавілі?

Дзякуючы Алегу Ўладзіміравічу Казлову, цяпер ужо пакойнаму, мы зразумелі, што трэба адкрываць новую юрыдычную асобу пад назвай "Моладзева-грамадскі футбольны клуб" (молодёжно-общественный футбольный клуб). Таму нават цяпер назву нашай каманды часам пішуць не "Орша", а МОФК. Але потым быў уведзены закон, згодна з якім дзяржаўная падтрымка аматарскім клубам забаранялася. Давялося адкрываць клуб ад гарвыканкама, я хадзіў па ўсіх інстанцыях паўгода і клуб адкрылі. Дзякуючы Казлову футбол у Оршы адрадзілі, мы вярнулі клуб. Калі б не Алег Уладзіміравіч, нічога бы не атрымалася.

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Уладзімір Правалінскі. Размова

Інтэрв'ю з вядомым у мінулым футбалістам "Оршы".

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение