Як гаварылася раней, пры прыездзе старшыні Партыі БНФ у Оршу, фронтаўцы не маюць ілюзіяў наконт выбараў 2016. Больш за 20 гадоў у краіне не праходзіла сумленных парламенцкіх выбараў і хаця ўлада зноў намякае, што ў гэты раз у апазіцыі ёсць шансы, фронтаўцы не бачаць сур'ёзных зменаў у падрыхтоўцы выбараў, адпаведна, няма падставаў спадзявацца і на змены ў выбарах у прынцыпе. Тым не меьнш, партыя плануе вылучыць па ўсёй краіне ад 70 да 80 кандыдатаў у дэпутаты, каб выкарыстаць выбарчую кампанію для тлумачэння людзям каштоўнасцяў незалежнасці нашай краіны.
Па Оршы кандыдатам-сябрам Партыі БНФ стане Віталь Паўлаў, заява на рэгістрацыю яго ініцыятыўнай групы пададзена ў выбарчую камісію 7 ліпеня. І хаця Паўлаў дадаткова будзе вылучаны і па-за чарговым з'ездам Партыі, мясцовыя фронтаўцы вырашылі рэгістраваць яшчэ і ініцыятыўную групу, каб мець больш часу для працы з выбаршчыкамі. За час перыяду збору подпісаў, партыйцы плануюць правесці, прынамсці, 4 пікеты ў горадзе, у тым ліку, з удзелам лідараў партыі.