Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі забараніў купацца ў 44 зонах адпачынку па ўсёй Беларусі. Трапілі ў спіс і Орша з Дуброўнай. Купанне дзяцей і дарослых забаронена ў зоне адпачынку на вуліцы Праваберагавой у Дуброўне. У Оршы ў спіс пад забарону трапілі месцы па вуліцах Сямёнава ў мікрараёне і Караткевіча ў цэнтры. Таксама ў Віцебскай вобласці пад забаронай купанне на Дняпры ў раёне аздараўленчага лагера "Лугаўцы".
Нагадаем, што на рацэ Дняпро раней назіраўся мор рыбы. Версіі пра зліў у раку азоту ці ртуці нічым не пацвердзіліся, праўдай аказалася першапачатковая - недахоп кіслароду, які пайшоў на затляненне арганікі - залітай вадой травы.
Паводле народнага календара, купацца ў рацэ нельга пасля 2 жніўня, калі святкуецца дзень прарока Іллі. Гэта была ўмоўная мяжа паміж летам і восенню яшчэ ў часы паганства, засталася традыцыя і пасля шырокага распаўсюду па Беларусі хрысціянства. Таксама кажуць “Ілля жніво пачынае, а лета канчае”.