Лявон Баразна вядомы ў свой час мастак і культурніцкі актывіст. Нарадзіўся ён у Талачынскім раёне, але пасля вучобы пераехаў у Мінск, дзе і жыў. У Мінску ён пасябраваў з Уладзімірам Караткевічам. А ў канцы 60-х разам з Зянонам Пазняком стаў адным з актыўных абаронцаў Нямігі - тады каштоўную з пункту гледжання гісторыі забудову вуліцы мусілі знесці. Дзякуючы яго намаганням разбурэнне Нямігі спынілі на тры гады. У 1972, перад аднаўленнем зносу Нямігі, Баразна рыхтаваў публічную акцыю пратэсту з гэтай нагоды. Але 15 жніўня, прагульваючыся, па старой частцы Мінска, Лявон пабачыў як невядомыя напалі на жанчыну - ён кінуўся ёй дапамагчы, але жанчына імгненна знікла, а нападнікі пераключыліся на мастака і забілі яго. Абставіны справы да гэтае пары канчаткова не высветленыя, у сувязі з чым многія лічаць, што забойства было арганізавана КДБ. Пахаваны Лявон Баразна быў на Талачынскіх могілках.
У сувязі з гадавінай смерці мастака, у жніўні на яго магілу прыязжаюць многія прыхільнікі беларускай культуры. Не засталіся ў баку і аршанцы. Аршанскія сябры Партыі БНФ наведалі магілу мастака ў суботу 20 жніўня. Яны пачысцілі помнік, усклалі кветкі да магілы. У наступным годзе споўніцца 45 год з дня смерці Баразны, на гэты год аршанцы плануюць правесці больш вялікія мерапрыемствы ў памяць земляка.