Водаразборныя калонкі ў Оршы былі пазбаўленыя ручак яшчэ некалькі гадоў таму. Цяпер такі “досвед” дакаціўся і да Горак Магілёўскай вобласці. Па цэнтральнай вуліцы Якубоўскага з’явіліся адмысловыя прыстасаванні, якія не дазваляюць націснуць на рычаг. А ключы ад калонак раздадзеныя пад роспіс уладальнікам прыватных дамоў, якія маюць дамовы аб водаспажыванні. Пра гэта заявіў і дырэктар УКПП “Камунальнік” Сяргей Халюкоў.
Як бачна на фотаздымку, зробленым журналістамі horki.info, адміністрацыя дадзенага прадпрыемства нават развесіла аб’явы з пагрозамі: “Увага! Вядзецца відэаназіранне за парадкам карыстання водаразборнай калонкай. Псута дзяржмаёмасці пераследуецца ў крымінальным парадку”. Відэакамер каля калонак пакуль не заўважана, аднак магчыма яны з’явяцца. Пакуль жа жыхароў застрашаюць падобныя абвесткі. Мала таго, што вады не папіць, дык яшчэ і крымінальнай адказнасцю палохаюць.
Аналіз падобнай сітуацыі ў Оршы яшчэ ў 2014 годзе зрабіў у сваім блогу на сайце orsha.eu Алесь Шутаў. Высновы публікацыі “Гримасы экономии по-оршански” былі простыя: рашэнне вадаканалу абсурднае, бо бюджэту “Оршаводаканала” ўтрыманне дадзеных калонак каштавала ўсяго 15 270 рублёў у месяц (1 рубель 53 капейкі пасля сёлетняй дэнамінацыі)! Тады толькі на перарабленне калонак, на іх запайванне пайшло куды больш грошай. На жаль, кіраўніцтва “Оршаводаканала” за больш чым два гады правільных высноваў так і не зрабіла – большасць калонак дагэтуль стаяць запаяныя і набраць вады можна толькі з адмысловым ключом. Цяпер такім жа абсурдным шляхам пайшлі і ў Горках.
Сквапнасць да дабра не вядзе.