Валерый Памельнікаў працаваў інжынерам па тэхніцы бяспекі на Аршанскай птушкафабрыцы, па выхадзе на пенсію вырашыў, што сумнае жыццё – сядзенне на лавачцы і выпіўка – не для яго. Ён пачаў вырошчваць рэдкія гатункі садавіны на сваім участку, цяпер у яго расце 150 гатункаў вінаграду, журавінаў, кавуноў, актынідый, персікаў, дыняў, інш.
Спадар Валерый прызнаецца, што прачытаў шмат кніг па вінаградарству, але не ўсе з іх спатрэбіліся яму, бо на паўночна-ўсходняй Беларусі асаблівыя кліматычныя ўмовы для многіх далікатных відаў. У размове з журналістамі tut.by вінаградар адзначыў, што некаторыя гатункі не прыжыўляюцца ці доўга не могуць прыжывіцца. Нягледзячы на свой 71 год, пенсіянер зусім не выглядае на гэты ўзрост, разам з жонкай яны вырабляюць хатняе віно, якое бродзіць цэлы год, бо сужэнцы не дадаюць у яго вады, а чатыры разы падкладаюць цукар. Вінаград палюбіў нават сабака Райф. Аўчарка ахвотна частуецца ягадамі, калі іх дае гаспадар.
Аднак вырошчванне рэдкіх ды нязвыклых для Бабінічаў гатункаў вымагае штодзённага сачэння за станам пладоў, чаранкоў, усяго астатняга. Сапраўдным бедствам для вінаграду становяцца осы. Валерый Памельнікаў прыдумаў, як справіцца і з гэтай “навалаччу” – ён сядае каля гронкі вінаграду і ўключае…пыласос! Гаворыць, што істотна дапамагае. Некалі за гадзіну пыласос “высмактаў” з вінаграду 119 осаў. Калі б пыласос не высмактаў з вінаграду осаў, осы б высмакталі вінаград.
Таксама спадар Валерый мае мару – вырасціць на сваім участку авакада. Акрамя таго, ён мае свой блог у інтэрнэце, дзе дзеліцца сваімі парадамі па вырошчванні вінаграда!