Сянно павінна было прымаць абласныя "Дажынкі" 24-га верасня. Аднак фестываль-кірмаш 24-га верасня не адбыўся, у суботу ніякіх святочных падзей у горадзе Сянно не разгортвалася. Што сталася, так і засталося невядомым. Сайт vkurier.by звярнуўся да чыноўнікаў з мэтай высветліць, што ж адбылося.
У галоўнай управе ідэалагічнай працы, культуры і справаў моладзі Віцебскага аблвыканкама кіраўнік аддзела культуры Галіна Баркевіч адказала: "Толькі цяпер быў падпісаны першы афіцыйны дакумент наконт парадку правядзення фестывалю “Дажынкі – 2016”, у якім указаная дата 8 кастрычніка".
Прычыны пераносу засталіся таямніцаю, ніякай інфармацыі афіцыйная прэса і сайты дзяржорганаў на гэты конт не перадавалі. Чыноўнікі, як і заўсёды, не лічаць неабходным своечасова даводзіць да ведама людзей інфармацыю. Вядома толькі што на падрыхтоўку горада Сянно да "Дажынак" было вылучана 180 мільярдаў рублёў па старых сумах.
Летась, дарэчы, з пераносам абласных "Дажынак" была такая ж самая сітуацыя - яны меліся адбыцца 25 верасня, аднак прайшлі 3 кастрычніка. Пры гэтым афіцыйныя крыніцы амаль да апошніх дзён перад фестывалем-кірмашом упарта паведамлялі дату 25 верасня і нават апублікавалі праграму святкаванняў менавіта на гэты дзень.