Час выбараў - адзіная магчымасць легальна праводзіць пікеты без дазволу ўлады. Праўда, такія пікеты не выстаўляюць нейкіх патрабаванняў і праводзяцца толькі як метад збору подпісаў.
На гэты раз у пікеце ўдзельнічала адразу некалькі дэмакратычных прэтэндэнтаў на тое каб стаць кандыдатамі ў дэпутаты. Пляцоўку перад былым кінатэатрам упрыгожылі вялікія расцяжкі кампаніі "Гавары праўду" і стэнды вылучэнцаў у кандыдаты. На стэндах прысутнічалі фотаздымкі Аляксандар шутава, Мікалая Дзямідава, Ігара Казмерчака і Канстанціна Анташкевіча, акрамя іх былі і кандыдаты без адмысловых стэндаў.
Ад самага пачатку мерапрыемства побач з пікетам знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі апранутыя ў штатскае і сябры выбарчай камісіі. Толькі пад канец мерапрыемства сябры выбаркаму выставілі свае прэтэнзіі пікетоўцам - на адным са стэндаў былі надрукаваныя пытанні, якія шэраг арганізацый спрабуе вынесці на ўсеагульны народны рэферэндум. Гэты стэнд сябры камісіі палічылі парушэннем, бо ён не мае да выбараў дачыненне. У адказ удзельнікі пікету папрасілі назваць пункт выбарчага заканадаўства які парушаецца неўпадабаным тэкстам. Прадказальна, сябры камісіі адказаць нічога на пытанне не змаглі і хутка сыйшлі, назваўшы гэты стэнд "перагібам".