Асноўны брамнік футбольнага клуба "Орша" Вячаслаў Камінскі запрошаны на збор мазырскай "Славіі", якая рыхтуецца да чарговага сезону ў Вышэйшай лізе. Трэнер мазыранаў Юрый Пунтус зацікаўлены ў паслугах брамніка і плануе праглядзець яго форму і цяперашнія здольнасці. Летась Вячаслаў Камінскі выступаў за "Оршу", яго дублёрам быў Яўген Гудзенка, які выходзіў з клубам яшчэ з 2-й лігі ў 1-ю. Калі Камінскі падыдзе трэнерскаму штабу "Славіі", Яўген Гудзенка, верагодна, стане асноўным галкіперам "сіня-белых".
У бліжэйшых планах "Славіі" правесці матчы з салігорскім "Шахцёрам", жодзінскім "Тарпеда-БелАЗам" і "Гомелем". У гэтых матчах чакаецца і выступленне 28-гадовага брамніка Вячаслава Камінскага. Што датычыць самой "Оршы", то пакуль каманда не выйшла з адпачынку, але ўжо ў бліжэйшы час павінны з'явіцца абрысы будучага складу аршанцаў.