Настаўнік жыве ў сваіх вучнях.
Тамара Іванаўна Нагорная ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Яна была для ўсіх, хто яе ведаў, Настаўнікам - і ў прафесіі, і ў жыцці. І толькі пасля яе сыходу ўсведамляеш, якой асобай яна была. Мне пашчасціла ведаць сям'ю Нагорных. Штодзённыя чалавечыя зносіны з Тамарай Іванаўнай змушалі цягнуцца да нацыянальнай культуры. Інтэлігентнасць, прыстойнасць, надзейнасць, чалавечая мудрасць, бясспрэчны аўтарытэт для ўсіх. Шэраг гэты можна працягваць доўга і скончыць словамі - закаханы ў родную беларускую мову педагог. У Тамары Іванаўны не было дзяржаўных узнагарод, але яна была любімая народам. У адзін працоўны год 95% яе вучняў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Тамара Іванаўна аддавала сябе шчодра сваёй працы, сваім вучням, была патрабавальнай і заўжды прыязнай.
Муляр можа атрымаць падпрацоўку ў розных рэгіёнах Рэспублікі Беларусь або ў Расеі, токар можа тачыць дэталі ў любых краях, а куды дзецца настаўнікам беларускай мовы, акрамя нашай краіны? Вучыць яны могуць толькі на тэрыторыі Беларусі і, у рэдкіх выпадках, за межамі краіны ў спецыялізаваных школах для беларускай нацыянальнай меншасці, як, да прыкладу, у Беластоку. І ўсё. Таму людзі такога роду ўнікальныя, самаахвярныя. Тамара Іванаўна Нагорная выкладала нашу мову настолькі майстравіта і з такой вялікай любоўю, што сотні яе вучняў у Барані (і не толькі!) назаўсёды засвоілі ісціну: ты можаш ведаць дзясятак замежных моў, але толькі ў выпадку павагі і валодання сваёй, беларускай, ты можаш лічыцца годным сынам Айчыны.
Хай не мела Тамара Іванаўна незлічоных багаццяў, затое яна была багатая душой. Гэтая мудрая жанчына выгадавала дваіх сыноў і траіх унукаў. Мяне заўсёды здзіўляла разнастайнасць інтарэсаў Тамары Іванаўны: гэта і вышыванне беларускіх арнаментаў, і вырошчванне выдатных кветак, і спевы народных песень. Некалькі разоў Тамара Іванаўна была на аграсядзібе “Пуцяціна”, напрыклад, тады, калі выступаў з канцэртам Сяргей Доўгушаў. Усім вельмі спадабаўся гэты канцэрт: і аршанскім гасцям, і жыхарам саміх Стаўроў. Гэта было сапраўднае нацыянальнае беларускае свята. І Тамара Іванаўна, узяўшы на сябе ініцыятыву, сказала: “Не будзем спыняць канцэрт! Мы - беларусы, мы ўмеем святкаваць! ” І ўрачыстасць яшчэ доўга працягвалася. Госці маёй аграсядзібы будуць успамінаць яркія выступленні Тамары Іванаўны. Яна сапраўды была душой кампаніі.
Апантанасць роднай мовай і роднай культурай, шырыня кругагляду і глыбіня ведаў дазволілі Тамары Іванаўне стварыць этнаграфічны музей. Яе мы паважалі і шанавалі за энцыклапедычнасць ведаў традыцый беларускага народа. Так атрымалася, што я прывозіў сям'ю Нагорных з Віцебска ў Барань. І мяне, вясковага жыхара, Тамара Іванаўна на пяць хвілін запрасіла ў свой этнаграфічны музей. Але ў выніку экскурсія па ім доўжылася больш за дзве гадзіны, нам было пра што пагаварыць, у нас было шмат агульных тэмаў для размовы.
Настаўнік жыве не толькі ў памяці вучняў. Ён жыве ў сваіх ідэях, у сваіх высакародных справах. Яшчэ не адно пакаленне будзе радаваць спадчына Тамары Іванаўны. А гэта і ёсць жывая памяць аб Настаўніку.
Рэгіянальны прадстаўнік кампаніі “Гавары праўду” Ігар Грышанаў