У выходныя адновіцца чэмпіянат Беларусі па валейболе сярод каманд дывізіёну Б. Аршанскі "Ўзлёт" першыя афіцыйныя матчы ў 2017 годзе праводзіць далёка ад дома - ў Гародні. У суперніках - гарадзенскі "Камунальнік". Выхаванцы абласной спартовай дзіцяча-юнацкай школы няблага праявілі сябе ў матчах, якія прайшлі летась у Оршы, аднак "Узлёт" усё роўна двойчы браў верх. Цяпер гульні адбудуцца ў Гародні на вуліцы Янкі Купалы, 18. Паядынак у суботу, 28-га студзеня пачнецца а 18:00, а гульня на наступны дзень, 29-га студзеня, пройдзе аб 11-й гадзіне.
У турнірнай табліцы пасля 1-га кола выразна акрэслена перавага менскага РДУАРа-1 і аршанскага "Ўзлёта". Калі аршанцы саступаюць першаму месцу 2 пункты, дык іх адрыў ад трэцяй пазіцыі, якую займае якраз "Камунальнік", складае ўжо 6 пунктаў.