Пачатак сезону для "Оршы" прыпаў на 8-га красавіка. Нашай камандзе ўдалося замацавацца сярод клубаў 1-й лігі, і клуб ужо трэці сезон запар праводзіць у гэтым дывізіёне. На сваім полі аршанцы ў першым туры прымалі пінскую "Хвалю", якая толькі вярнулася з 2-й лігі. У гонар 66-годдзя клуба фанаты "Оршы" падрыхтавалі перфоманс на сваёй трыбуне. З Пінска падтрымаць "Хвалю" прыехала больш за 20 фанатаў.
У першым тайме праходзіла збольшага роўная гульня, а вось у другой палове стала адчувацца перавага гасцей. У немалой ступені гэта і "заслуга" аршанскай абароны. Абноўленая амаль цалкам у міжсезонні абарончая лінія клуба раз за разам прапускала атакі пінскай каманды, рабіла памылкі, не паспявала за форвардамі "Хвалі". На 57-й хвіліне абаронца аршанцаў Пракопчык забіў мяч у сваю браму. Гэтая памылка не паспрыяла аднаўленню аршанскіх атак. Адзначыць можна моцны ўдар Хадневіча са штрафнога, які прыйшоўся ў папярэчыну, і пару іншых вострых момантаў. Больш нічога ля брамы пінскага калектыву "сіня-белыя" не стварылі. "Хваля" перамагла 1:0.
Аршанцы выступалі ў такім складзе: Харытонаў — Пракопчык, Мінянкоў, Пячэнін, Жданок, Краўчук (Гігевіч, 85), Кухаронак (Шчарбакоў, 67), Знак (Кітаёў, 90), Гаўрушка, Вараб'ёў, Хадневіч (Хількевіч, 67).
Матч быў 11-м паміж клубамі. На дадзены момант 7 перамог атрымалі пінчукі, 4 аршанцы. Розніца галоў - 20:15 на карысць "Хвалі". Гэта была першая сустрэча камандаў за апошнія 12 гадоў.