"Орша" і "Прамень" сустракаліся паміж сабой чатыры разы і па два разы выйгралі адзін у аднаго. Парытэт з невялічкім крэнам у бок "Промня", бо розніца галоў паміж камандамі 5-6 не на карысць аршанцаў. Летась у супрацьстаянні камандаў здарылася незвычайнае. Брамнік аршанцаў Яўген Гудзенка быў выдалены з поля за фол апошняй надзеі, а другога брамніка ў заяўцы "сіня-белых" не аказалася, і на браму стаў нападнік каманды Аляксей Хадневіч. Той матч скончыўся для аршанцаў паразай 1:5. У другім коле аршанцы таксама саступілі 0:1.
Гэты сезон менчукі пачалі з -10 пунктаў. Гэта было пакаранне федэрацыі футбола за ўдзел у брудных схемах з дагаварнымі матчамі ў мінулым сезоне. Аднак "Прамень" ужо за першыя туры адгуляў свой мінус, і цяпер каманда ўжо на 14-м месцы і мае 4 набраныя пункты. Каманда мае на рахунку 4 перамогі і 2 нічыі, матч аршанцаў з гэтай камандай яўна не стане лёгкім шпацырам. Аршанцы маюць 11 пунктаў і займаюць 3-е месца ў турнірнай табліцы.
Матч "Прамень" - "Орша" пройдзе 20-га траўня і пачнецца а 19:00. Гульня адбудзецца на стадыёне "Алімпійскі" ў Менску.