У матчы 14-га туру аршанцы прымалі на Гарадскім стадыёне гомельскі "Лакаматыў". У госці прыехаў адзін з лідэраў, які перад сустрэчай ішоў на 2-м месцы, а "Орша" была на 10-м. Перад гульнёй аршанцы, магчыма, палічылі б за ўдачу і нічыю, па-першае, фаварытамі былі гамельчукі, а па-другое, матчы з імі заўсёды цяжкія для "сіня-белых", а дагэтуль толькі аднойчы ў дзесяці паядынках "Оршы" ўдавалася перамагчы.
У першым тайме каманды доўга праводзілі "выведку", падбіралі аптымальны падыход да візаві. На 39-й хвіліне Клешчанок адкрыў лік у матчы, "Лакаматыў" павёў. Але аршанцы не дазволілі гасцям доўга радавацца. Сваё слова сказаў Уладзіслаў Знак на 43-й хвіліне - 1:1!
У другім тайме Знак забіў яшчэ на 60-й, а на 64-й апорны паўабаронца "Оршы" Дзмітрый Жданок правёў пяты гол у чэмпіянаце. Супернік быў канчаткова дэмаралізаваны, калі Уладзіслаў Знак на 69-й аформіў хет-трык. 4:1! Падвёў рысу Аляксей Хадневіч, які вызначыўся на 81-й хвіліне. Пераканаўчая вікторыя "Оршы" з лікам 5:1, якая дазваляе нашаму клубу падняцца на адну прыступку вышэй. "Лакаматыў" жа ўскладніў сабе становішча ў барацьбе за выхад у Вышэйшую лігу.
Орша: Харытонаў, Пракопчык, Вараб'ёў, Плясуноў, Гігевіч (Мінянкоў, 90), Мараў (Жалезнікаў, 86), Жданок (Кітаёў, 88), Кухаронак, Знак (Хількевіч, 82), Краўчук, Хадневіч.