У Оршы адбылося пасяджэнне Прэзідыюму Савета міністраў, на якім абмяркоўвалася выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы адносна развіцця Аршанскага рэгіёну. Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў заявіў, што бачыць у эканоміцы Аршаншчыны пазітыўныя тэндэнцыі. У ліку іншага, Кабякоў прывёў і некаторыя лічбы:
Адзначу станоўчыя зрухі ў выніках рэгіёну. Індэкс прамысловай вытворчасці па Аршанскім раёне пакуль ніжэй за 100%, але падрос у параўнанні з першым кварталам, павялічыўся тэмп росту будаўніча-мантажных работ (88,6% - за студзень-сакавік, 155,5% - за студзень-травень). Узрос аб'ём рознічнага тавараабароту да 100,2%.
Спыніўся Кабякоў і на Аршанскім інструментальным заводзе, якому разблакавалі рахункі і на якім вядзецца рамонт даху вытворчага корпусу. Таксама адбылася рэструктурызацыя запазычанасцяў завода па банкаўскіх крэдытах.
Акрамя таго, на вынікі працы інструментальнага завода паўплываюць рашэнні, прадугледжаныя не толькі для яго, але і іншых праблемных прадпрыемстваў. У прыватнасці, падрыхтаваны праект распараджэння кіраўніка дзяржавы, які дазволіць Аршанскаму раённаму Савету дэпутатаў адмяніць з 1 чэрвеня бягучага года для чатырох праблемных прадпрыемстваў Мінпрама павышаючыя каэфіцыенты да ставак па падатках на зямлю і нерухомасць. Яго дапрацоўка ў бліжэйшы час будзе завершана.
Таксама прэм'ер-міністр краіны сказаў, што страты на "Легмашы", ПАКу, інструментальнага завода, будтрэста №18 і "Оршабудматэрыялаў" выкліканыя бессістэмнай працай, якая вялася да гэтага. У пачатку лета было прынята прынцыповае рашэнне аб фінансаванні з дзяржінвестпраграмы паловы будаўніча-мантажных работ па бальніцы ім. Сямашка ў Оршы, аднак тут сітуацыя пакуль рухаецца марудна, неабходна разбірацца з Віцебскім аблвыканкамам.