Сёння пяць кандыдатаў у дэпутаты Аршанскага раённага Савета падпісалі заяву з просьбай разабрацца ў пытанні хто забараняе друк улётак у Аршанскай друкарні. Заяву падпісалі кандыдаты якія балатуюцца ў розных акругах і якія прадстаўляюць розныя палітычныя арганізацыі: Канстанцін Анташкевіч (акруга № 26), Мікалай Дзямідаў (акруга № 4), Ігар Казмерчак (акруга № 23), Уладзімір Палівада (акруга № 29), Аляксандр Крывіцкі (акруга № 2). Усе пяцёра кандыдатаў разам з лідэрам кампаніі "Гавары праўду" Уладзімірам Някляевым, які сёння наведаў Оршу ў знак падтрымкі кандыдата К. Анташкевіча, і ў суправаджэнні журналістаў прыйшлі ў раённую камісію, каб перадаць заяву. Па словах старшыні камісіі Мікалая Давідовіча, сёння ў камісію прыходзіў дырэктар друкарні і яму было растлумачана, што ніякіх дазвольных лістоў для друку ўлётак кандыдатаў не патрабуецца. Прычыну праблемы ён патлумачыў тым, што дырэктар друкарні малады і гэта яго першая выбарчая кампанія на дадзенай пасадзе.
Яшчэ адно пытанне да камісіі агучыў Уладзімір Някляеў: "Ці будуць гэтыя выбары сумленнымі і дэмакратычнымі?" Сябра камісіі Святлана Кіжло ў прысутнасці 12 чалавек, станоўча адказала на пытанне: выбары будуць сумленнымі.
Пасля атрыманых адказаў, кандыдаты вырашылі шэраг бягучых пытанняў, перш за ўсё, атрыманне пасведчанняў давераных асоб. Даверанай асобай Канстанціна Анташкевіча пагадзіўся стаць і Уладзімір Някляеў.