Вядомы пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка, які ўжо два гады вядзе на "Радыё Рацыя" праграму "У архівах КДБ", займаецца вывучэннем гісторый рэпрэсаваных савецкай уладай людзей. Сярод іх даследчыку трапляюцца і сапраўдныя перліны. Так, у архівах, якія раскрытыя ва Украіне, ён адшукаў гісторыю звычайнай настаўніцы з-пад Оршы Марыі Машуковай.
У няшчаснай настаўніцы забралі мужа і расстралялі. Як тады было распаўсюджана, ні за што. Даверлівая жанчына на эмоцыях паведаміла сваёй лепшая сяброўцы, што нязгодная з прысудам, што ён несправядлівы, што савецкая сістэма антычалавечая. А лепшая сяброўка жанчыны сталася "стукачом", якая неадкладна напісала на настаўніцу данос. Супрацоўнікі НКУС на чорным варанку пад'ехалі да дому настаўніцы ўжо на наступны дзень і забралі яе. На допытах мужная настаўніца, агаломшаная расстрэлам мужа, ні ў якім "злосным паклёпе на савецкі суд" не прызналася, а ўвесь час кляла бальшавікоў. На патрабаванні бальшавіцкіх катаў "выдаць паплечнікаў па антысавецкай дзейнасці", жанчына не назвала ніводнага прозвішча. І гэта пры тым, што многія мажныя мужчыны, пасаджаныя ў камеру ўсяго на некалькі гадзін, адразу ж "здавалі" ўсіх, каго ведаюць і распавядалі, нібыта ведаюць нейкае антысавецкае падполле.
У выніку Машукову павезлі ў суд, але на судзе ў сваім слове жанчына працягвала праклінаць чэкістаў, савецкую ўладу і абражала савецкую пракуратуру. Прысуд — 5 гадоў. А праклён настаўніцы падзейнічаў — неўзабаве арыштавалі народнага камісара НКУС СССР таварыша Яжова, а ў рамках гэтай справы дайшлі і да следчага з пракурорам, якія вынеслі вырак настаўніцы і якіх яна праклінала на судзе. Бальшавіцкіх катаў, якія без згрызотаў сумлення вырашалі лёсы бязвінных людзей, расстралялі як "прыхвасняў фашысцка-трацкісцкага шпіёна Яжова". Настаўніца перажыла сваіх катаў.
Вы таксама можаце падзяліцца сваёй гісторыяй пра тое, як сталінскія рэпрэсіі паўплывалі на лёс вашых родных. Для гэтага адпраўце свае кантакты і кароткае апісанне таго, што вы хацелі б расказаць на адрас нашага сайту: [email protected]. Валанцёры звяжуцца з вамі і дамовяцца на запіс гісторыі ў зручны для вас час.