МУС не падтрымаў ініцыятыву па змене ўмоў утрымання ў ізалятарах часовага ўтрымання. Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, зварот быў падрыхтаваны сумесна ініцыятывай „Праваабаронцы супраць катаванняў” і закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна”. Прапаноўвалася выключыць з пункта 47 Правілаў унутранага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту дзясяты абзац, які ўстанаўлівае, што „перадача не прымаецца і вяртаецца наведвальніку ў выпадку адсутнасці дазволу начальніка месца адбыцця адміністрацыйнага арышту на ўручэнне адміністрацыйна арыштаванаму перадачы, што перадаецца асобай, якая не з`яўляецца для адміністрацыйна арыштаванага блізкім сваяком”. Прапаноўвалася вырашыць пытанне аб штодзённым (без выхадных) прыёме прадуктовых перадач асобам, якiя адбываюць адміністрацыйны арышт; у звароце таксама прапаноўвалася заканадаўча замацаваць норму, якая ўсталёўвае ўскладанне нагляду за арыштаванымі жанчынамі толькі на супрацоўнікаў жаночага полу.
З адказу Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі вынікае, што змяненне Правілаў унутранага распарадку магчымае толькі ў выпадку ўнясення змяненняў у ч. 9 арт. 18.7 ПВКоАП, а МУС не з’яўляецца суб`ектам заканадаўчай ініцыятывы. Высветлілася, што час прыёму перадач вызначаецца начальнікамі ІЧУ самастойна, піша начальнік упраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС Сяргей Аляшкевіч.
Нягледзячы на тое, што асобы, якія адбылі адміністрацыйны арышт, атрымліваюць рахункі для аплаты харчавання падчас знаходжання ў ІЧУ, Аляшкевіч сцвярджае, што асобы, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем, дастатковым для падтрымання здароўя і сіл. Пры гэтым усе аршанцы, якія сёлета адбывалі адміністратыўныя арышты і сядзелі ў ізалятарах Оршы, Віцебска і Менска, пацвердзілі, што ім прыходзіла квітанцыя за ежу ў ізалятары з разліку 11 рублёў 50 капеек за кожны дзень у ізалятары. Пры гэтым якасць харчавання ў ІЧУ, цытуючы словы аршанцаў пасля выхаду на волю, — “памыі для свінняў”.
Прапанова аб заканадаўчым замацаванні нормы аб ажыццяўленні нагляду за арыштаванымі жанчынамі толькі супрацоўнікамі належнага полу таксама не знайшла падтрымкі МУС. Нягледзячы на шматлікія скаргі жанчын, арыштаваных у лютым—сакавіку 2017 года, у адказе МУС указана, што ў ІЧУ працуюць супрацоўнікі жаночага полу ў колькасці, дастатковай для арганізацыі бяспекі жанчын.