На мінулым тыдні 5 кандыдатаў у дэпутаты звярнуліся ў раённую выбарчую камісію з просьбай вырашыць пытанне па друку ўлётак. Нагадем, што аршанская друкарня адмаўлялася друкаваць улёткі кандыдатаў у дэпутаты без дадатковага ліста з выканкаму. Старшыня камісіі яшчэ 6 сакавіка на сустрэчы з кандыдатамі заявіў, што пытанне вырашана і цяпер улёткі друкавацца будуць. Але, як выявілася, пытанне далёка не вырашана.
Прайшло яшчэ пяць дзён пасля абяццання што праблема вырашана, але да гэтае пары ўлёткі кандыдатаў не надрукаваныя. Цяпер работнікі друкарні ў вусных размовах спасылаюцца на тое што моцна загружаныя выкананнем замоваў выбарчых камісій і таму адклалі выкананне замоваў кандыдатаў. Чарговае абяццанне надрукаваць улёткі ў чацвер (9 дзён да дня асноўнага галасавання), пятніцу (8 дзён да дня асноўнага галасавання), або ў панядзелак (1 дзень да пачатку датэрміновага галасавання).
У сувязі з такой затрымкай не меньш за 10 кандыдатаў увогуле не падавалі свае ўлёткі ў Аршанскую друкарню. Некаторыя кандыдаты рыхтуюць звароты ў цэнтральную выбарчую камісію і пракуратуру. Калі ж праблема так і не зрушыцца з месца, то на 14 сакавіка запланаваны сход вялікай часткі кандыдатаў у дэпутаты для кансультацыі. Адзін з варыянтаў які плануецца абмеркаваць у пятніцу, масавае зняццё кандыдатаў (каля 20 чалавек) з перадвыбарчай гонкі з-за неналежнай арганізацыі выбараў, у тым ліку і наўмысныя перашкоды з друкам улётак.