У 23-м туры чэмпіянату Беларусі ў Першай лізе футбольны клуб "Орша" згуляе гасцявы паядынак са "Слонімам". Напярэдадні аршанцы ва ўпартай барацьбе і пры неадназначным судзействе саступілі дома 1:2 менскаму клубу "Прамень". А слонімцы пацярпелі сакрушальную паразу ў Смаргоні 0:8. Матч нават сталі падазраваць у дагаварным характары, але пакуль гісторыя далей не зайшла. На дадзены момант "Слонім" ідзе 10-м і толькі на адзін пункт адстае ад "Оршы", якая на 9-й пазіцыі.
"Слонім" — даўні і вельмі нязручны супернік для аршанцаў. Каманды сустракаліся паміж сабой 18 разоў у часы Незалежнай Беларусі і 11 разоў перамогу святкавалі слонімцы. 2 матчы завяршыліся ўнічыю і 5 выйграла "Орша". У сезоне-2017 аршанцы прайгралі "Слоніму" на сваім полі 1:2.
Матч "Слонім" — "Орша" адбудзецца ў Слоніме 23-га верасня і пачнецца а 16:00.