У гэтым месяцы ў Мінску пройдзе агульны з'езд Партыі БНФ. Паводле статута арганізацыі старшыня не можа займаць гэтую пасаду больш за два тэрміны запар, адпаведна Аляксей Янукевіч, які кіраваў Фронтам 8 гадоў сыйдзе, а на яго месца партыйцы абяруць новага старшыню. У сувязі з гэтым 21 верасня ў Оршы сабраліся мясцовыя сябры Партыі. Прыехалі на аршанскі з'езд і госці з партыйных кіруючых органаў: пакуль яшчэ старшыня Фронта Аляксей Янукевіч, яго намеснік і адзін з кандыдатаў на пасаду старшыні Рыгор Кастусёў, а таксама кіраўнік моладзевага крыла Партыі Юрый Лукашэвіч.
Першай справай фронтаўцы разгледзелі заявы на ўступленне ў арганізацыю ад новых сяброў - 5 чалавек у гэты вечар афіцыйна далучыліся да Партыі БНФ. Пасля гэтага слова ўзялі госці схода. Аляксей Янукевіч распавёў пра агульную сітуацыю ў палітыцы. Пасля канфлікту ва Ўкраіне - на яго погляд - Лукашэнка перастаў быць для заходніх палітыкаў ворагам, але так і не стаў сябрам. Таму спадзявацца, што заходняя дыпламатыя прымусіць яго ісці на дэмакратызацыю краіны не выпадае. З іншага боку, у беларускім грамадстве значна вырас інтарэс да нацыянальнай культуры і таму арганізацыі арыентаваныя на незалежнасць краіны атрымалі найбольшую за апошні час падтрымку. Падцверджваецца гэта, напрыклад, тым фактам, што ў Моладзь БНФ за апошні год падало заяўкі на ўступленне па ўсёй краіне каля 600 чалавек. Рыгор Кастусёў у сваім выступе расказаў пра частку сваёй праграмы як кандыдата на пасаду старшыні Партыі. Ён прапануе з'арыентавацца на работу з моладдзю, на стварэнне новых структураў Партыі у тых рэгіёнах дзе ёсць сябры фронта, але яны не аб'яднаныя ў структуры і ўжо ў гэтым годзе вызначыцца з магчымымі кандыдатамі ў прэзідэнты на наступныя выбары. Партыя можа ўжо на з'ездзе вызначыць некалькі магчымых кандыдатураў на прэзідэнцкія выбары з якіх бліжэй да саміх выбараў вызначыцца адзін кандыдат. Уступаць у перадвыбарчыя кааліцыі ў гэты раз Фронт не плануе.
У канцы сходу аршанскія сябры партыі абралі дэлегатаў на з'езд і абралі новы склад мясцовай рады.