Працягваем распавядаць пра прынятую ўрадам праграму ўтрымання і развіцця дарогаў. Раней мы пісалі якія дарогі будуць палепшаны і адрамантаваныя ў Дубровенскім, Лёзненскім, Сененскім і Талачынскім раёнах. Цяпер чарга Аршанскага раёна.
У прыватнасці ў праграме прапісаны рэканструкцыя некаторых участкаў трасы Е95. Але ў праграме ёсць агаворка, што гэтая траса будзе рэканструявацца ў выпадку наяўнасці фінансавых сродкаў - па іншых дарогах такой агаворкі няма.
Таксама ў праграме прапісанападвышэнне статусу трасаў Р15 Крычаў-Орша-Лепель і Р76 Орша-Шклоў-Магілёў праз Балбасава.
Першачарговаму рамонту падлягаюць у раёне больш дарогаў чым у суседніх раёнах:
- Орша-Коханава-Абольцы да дарогі Р25
- Андрэеўшчына - мяжа Дубровенскага раёна (на сёняшні дзень гравійная дарога праз Міцькаўшчыну)
- Орша-Нарэйкава-Стаўры
- Засценкі-Аўсянка (магчыма, маецца на ўвазе вёска Аўсянка Горацкага раёна)
- Казловічы-1 - траса Е95
- Орша-Межава-Стапурова-Дубніцы (менавіта ў такім парадку, хаця Дубніцы бліжэй да Оршы чым Стапурова)
- Белева-Зубрэвічы-Прокшына
- Ад Лепельскай да Шклоўскай трасы праз Барань
- Берасценава-чыгуначная станцыя Хлусава-Селекта-Высокае
- Макараўка-Есіпава-Пугляі-Бабічы (практычна кругавая дарога, частка з якой на дадзены момант гравійная)
- Чэрвіна-Вусце-Гарбацэвічы-Бараўцы