Важны матч 6-га туру чэмпіянату Беларусі па міні-футболе ў вышэйшай лізе адбыўся ў нядзелю, 9-га кастрычніка. Аршанскі "Вітэн", які вельмі няўдала пачаў сезон, прымаў такога ж няўдачніка БЧ, хаця "на паперы" абодва клубы лічацца прэтэндэнтамі на медалі. У гамельчукоў перад прыездам у Оршу ўвогуле не было перамог. На 8-й хвіліне спрацаваў навічок аршанцаў украінец Кардоба, які выдаў галявую перадачу на Еўдакімава, а той ужо наносіў вырашальны ўдар. На 14-й хвіліне Колб з вуглавога асіставаў колішняму гульцу "Вітэна" Дунаеву, які забіў былым аднаклубнікам - 1:1. Лёс матчу вырашыўся ў заключныя дзесяць хвілін. Спачатку Гусакоў вызначыўся з пасу Чарніенкі, а за 6 секундаў да канца, калі гомельская дружына зняла брамніка, выпусціўшы пятага палявога, Дзядзічкін перакрэсліў усе надзеі гасцей на нічыю і забіў у пустую браму - 3:1! Таксама нельга не адзначыць надзейную гульню брамніка аршанцаў Мароза, які быў прызнаны лепшым гульцом матчу.
Перамога дазволіла "Вітэну" ўзняцца на 7-е месца. Але шчыльнасць каманд у турнірнай табліцы настолькі высокая, што кожны тур можа сур'ёзна змяніць сітуацыю.