Удзельнікі дыскусіі - якая прайшла ў Оршы 6 кастрычніка і пачалася наведваннем Кабыляцкай гары - у сваіх абмеркаваннях і спрэчках узгадалі і генеральны план Оршы, які ў хуткім часе або будзе прыняты, або яго абмеркаванне будзе працягнута. Справа ў тым, што па двух вядомых месцах растрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў паводле гэтага ген.плану павінны прайсці аўтамабільныя дарогі.
Пад час дыскусіі быў падпісаны калектыўны зварот да старшыні райвыканкама з просьбай правесці ў наступным годзе больш поўныя даследванні ўрочышча Кабыляцкая гара і ў лесе каля Магілёўскай шашы. У падцверджанне факту пахаванняў у гэтых месцах ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў падпісаўшыеся прыклалі да свайго звароту і копію Акту ад 20 верасня 1982 год, які быў складзены адмыслова створанай камісіяй для вывучэння пахаванняў на Кабыляках. У Акце акрамя Кабылякоў узгадваюцца і масавыя пахаванні ў лесе каля вёскі Паддубцы (сёння гэта лес каля трэцяга мікрараёна).
Таксама ўдзельнікі дыскусіі прапанавалі пасля даследванняў вярнуцца да пытання мемарыялізацыі гэтых мясцінаў - конкурс на выраб помніка быў абвешчаны яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў. І не пачынаць будаўніцтва названых дарогаў да канца правядзення даследванняў.