Антон і Кацярына Архіпавы ўжо 3 гады займаюцца вытворчасцю сыроў з казінага малака і жывуць на хутары ў 30 км ад Оршы і ў 5 км ад вёскі Клюкаўка, куды ходзяць у краму. Да фермерства Антон працаваў у Маскве ў сферы продажаў, Кацярына была інструктарам па ёзе, - так пачынае апісанне гісторыі tut.by.
- Тры гады таму мы пакінулі Маскву і пераехалі ў Беларусь (я сам адсюль, а жонка - з Омску), - распавядае Антон. - Завялі сваю гаспадарку і прыдумалі назву прадукцыі "Фальварак Архiпавых". Цяпер у нас 30 коз і кліенты па ўсёй Беларусі. Сям'я рыхтуе маладыя сыры, качотту (паўмяккі італьянскі сталовы сыр), сыр з пажытнікам і дзікімі травамі. Антон адзначае, што тэхналогію вытворчасці можна вывучыць нават па відэа з інтэрнэту.
- Мы з жонкай менавіта так і пачыналі: глядзелі відэа на YouTube, тэставалі рэцэпты метадам спроб і памылак, чыталі літаратуру па сыраварэнні. Галоўнае - ня пралічыцца з сыравінай: добрым хатнім малаком і закваскай. Напрыклад, імярэцінскія сыры робяцца з сырадою, а качотта - з малака, якое "даспявае" суткі.
- Мясцовыя заводы не аднойчы прапаноўвалі сваё малако для вытворчасці сыру, але мы не гатовыя адказваць за якасць чужой сыравіны. З нашых 30 коз ўсяго 12 дойных. У сярэднім яны даюць 25 літраў малака ў суткі. Гэтага хапае прыкладна на 2 кг сыру, - тлумачыць Антон Архіпаў.
Пасля падрыхтоўкі асновы, сыру трэба "паспець". Тэрміны зноў-такі залежаць ад віду прадукцыі: напрыклад, качотта "даспявае" да цвёрдага гатунку каля трох тыдняў. Менш за ўсё, у сярэднім тыдзень, захоўваюцца тварожныя сыры. Большасць цвёрдых гатункаў, па словах Антона Архіпава, з часам становяцца толькі смачнейшымі, назапашваючы даўкасць і кіслату.
Вядома, хатнія сыры можна купіць і на рынку. Але сёння людзі цэняць свой час, таму, па словах фермераў, выбіраюць дастаўку. - Пагадзіцеся, у пірамідзе патрэбаў чалавека сыры стаяць не на першым месцы, таму не кожны даязджае да гандлёвых кропак. Калі б мы самі не развозілі прадукцыю людзям, рэалізацыя была б нашмат ніжэйшай. Мы з жонкай адвозім сыр віцебскім кліентам, а ў Менск адпраўляем праз кур'ера, - дзеліцца Антон.
- Я нават не ведаю, дзе больш выгадна купляць сыры: у фермераў або ў краме. Сто гадоў не зазіраў у малочныя аддзелы супермаркетаў: у нас усё сваё.
Дачка Архіпавых гуляецца з казой
Фермер лічыць, што людзей у першую чаргу павінна хваляваць пытанне не выгады, а карыснасці прадуктаў. - Козы ў нас на свабоднай пашы. Яны самі выбіраюць патрэбны корм: у дождж грызуць вярбу, у сонечнае надвор'е ядуць траву. Жывёлы, якія даюць малако для вытворчасці завадскіх сыроў, утрымліваюцца, як правіла, у стойле. У ненатуральных умовах яны часцей хварэюць, таму прымаюць лекі. Мы ж не выкарыстоўваем антыбіётыкі ці вітаміны.
Кліенты Архіпава, па словах фермераў, - людзі, якія падарожнічаюць па свеце і цэняць казіны сыр як дэлікатэсны прадукт. - Гэта выдатны дадатак да віна. Дарэчы, непадалёк ад нас ёсць маляўнічы схіл - марым з жонкай аднойчы пабудаваць там шато з вінакурняй.
У планах сям'і - пашырэнне вытворчасці. Яны ўжо ўсталявалі каменныя жорны і плануюць выпякаць хатні хлеб. Антон расказвае, што вясковае жыццё натхняе. Там усё па-сапраўднаму і без другіх дубляў. - У вёсцы асабліва выразна разумееш, што кнопкі "вярнуць" няма. Калі сена намокла - да наступнага года будзеш без сена, ня нарыхтаваў дровы - мёрзні. Адчуваеш сябе гаспадаром жыцця.