Першапачаткова планавалася, што Анатоль Лябедзька прыедзе ў Оршу каб правесці шэраг сустрэчаў як давераная асоба дэпутата парламента Канапацкай. Але спробы дамовіцца на сустрэчу з чыноўнікамі, і арганізаваць выступ у хоць нейкай публічнай залі праваліліся не па віне арганізатараў сустрэчаў. Тым не меньш, план наведвання Оршы ў палітыка ўсё адно атрымаўся насычаным: удзел у велапрабегу, збор подпісаў сярод аршанцаў супраць дзедаўшчыны ў войску і сустрэча з актывістамі дэмакратычных арганізацый.
Увагу аршанскіх сілавікоў каманда якая прыехала з палітыкам прыцягнула адразу. Пры пад'ездзе да Оршы насустрач аўтамабіля Лябедзькі праехаў патруль ДАІ, які развярнуся і ехаў за машынай ад мяжы Оршы да самага цэнтра горада. У цэнтры супрацоўнікі ДАІ ўсё ж такі падалі сігнал да спынення суправаджаемай легкавушкі. Прычынаў для спынення не было - супрацоўнікі ДАІ патлумачылі свае дзеянні планавай кампаніяй па выяўленні не цвярозвых кіроўцаў. Але само "высвятленне абставінаў" расцягнулася амаль на 40 хвілінаў. З-за гэтага давялося карэктаваць графік візіту: замест гадзіннага збору подпісаў супраць дзедаўшчыны, ён быў праведзены літаральна за 20 хвілін.
Не меньш увагі было і пад час велапрабегу. Як гавораць актывісты, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, на кожным скрыжаванні ад цэнтра да "Харкаўскага лесу" стаялі міліцыянты, а ў самім лесе іх замянілі "людзі ў цывільным", трое з якіх былі з відэа-камерамі і фіксавалі чым займаюцца людзі.