00:00

-2

4 м/с

996 гПа

03:00

-2

4 м/с

997 гПа

06:00

-3

3 м/с

998 гПа

09:00

-3

2 м/с

999 гПа

12:00

-0

1 м/с

1001 гПа

Орша, Культура

Ілюстраваная храналогія гісторыі і культуры Оршы.

22.10.2017 13:09

4923 прагляду, 0 каментароў

1821 - 1833

Працягваем публікаваць Храналогію гісторыі Оршы ад гісторыка Віктара Лютынскага: уступ 1552 г. - 1562 г., 1563 г. - 1566 г. Частка 2. 1566- 1587 гг. Частка 3. 1579 г. - 1585 г. Частка 4. 1586 г. - 1595 г., 2 жніўня. Частка 5., 1596 г., люты - Канец XVI ст. Частка 6

, 1601 г. - 1611 г. Частка 7, 1612 г. - 1619 г. Частка 8, 1620-1625 гг. - 1629 г., 29 верасня. Частка 9, 1630 г. - 1635 г.(?) Частка 10. 1635 г. - 1640 г. Працяг 1641 г. - 1651 г. Частка 11 1652 - 1654, 1655 - 1687,1655 - 1687 Працяг, 1688 - 1700 1700 - 1730, 1731 - 1750 1752 - 1772 1773 - 1800 1801 - 1811 1812 г 1812 - 1820

1821 г. У Оршы заснавана прыходскае аднакласнае вучылішча (На 1 студзеня 1883 года – 93 навучэнцы).

1821 г., 11 лістапада Нарадзіўся Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі (г. Масква, Расія), рускі пісьменнік, журналіст. Род Дастаеўскага беларускага паходжання. “Найвялікшым беларускім геніем, ахвяраваным Расіі” назваў яго вядомы публіцыст П. Севярынец. Памёр 9 лютага 1881 г. Імем Фёдара Дастаеўскга названа вуліца ў Оршы.

Ф.М. Дастаеўскі

1821 г., 10 снежня Нарадзіўся Мікалай Аляксеевіч Някрасаў (в. Сінькі Ульянаўскага р-на Кіраваградскай вобл, Украіна), рускі паэт, літаратурны дзеяч. Памёр 8 студзеня 1878 г. Імем Мікалая Някрасава названа вуліца ў Оршы.

М.А. Някрасаў

1821 г. Ігуменам Аршанскага базыльянскага кляштара быў Іларыён Рыдзевіч.

1821-1823 гг. Ігуменам Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра был Мялецій (Леантовіч), пазней свяціцель Мялецій, архіепіскап Харкаўскі.

Свяціцель Мялецій, архіепіскап Харкаўскі

1823-1856 гг. Існавала генерал-губернатарства Віцебскае, Магілёўскае і Смаленскае, якое ажыццяўляла адміністрацыйную і ваенную ўладу, у тым ліку над Оршай.

1824 г. Нарадзіўся Уладзіслаў Эмануэль Яўгенавіч Любамірскі (в. Станіславаў Магілёўскай губ.), падарожнік, філантроп, грамадскі дзеяч. У пачатку 1860-х гг. Аршанскі павятовы прадвадзіцель дваранства.

1824 г., жнівень Праз Аршаншчыну, вяртаючыся з паўднёвай ссылкі, праязджаў рускі паэт Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. Даследчыкі яго творчасці мяркуюць, што “беларускія” уражанні паэта ляглі ў аснову яго аповесцяў “Станцыйны наглядчык” і “Дуброўскі” (яго прататыпам лічаць аршанскага шляхціца Астроўскага).

А.С. Пушкін. Мастак В.А. Трапінін. 1827 г.

1824 г. У Оршы налічвалася 1736 жыхароў.

1824 г. Оршу наведаў і зрабіў апісанне Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра беларускі гісторык і археограф протаіерэй Іван Іванавіч Грыгаровіч.

1824 г. У Куцеінскім Свята-Успенскім жаночым манастыры пабудавана Мікалаеўская царква.

1824-1829 гг. Навучальныя ўстановы Оршы падпарадкоўваліся Пецярбургскай навучальнай акрузе (з 29.1.1829 года – Беларускай, з 14.5.1850 года – Віленскай).

1825 г. У Оршы налічвалася 2158 жыхароў, з іх мужчын – 1143, жанчын – 1015, дамоў мураваных – 3, драўляных – 274, цэркваў – 2, манастыроў – 10, навучальных устаноў – 2, багадзельняў – 4, крам – 29, пітных дамоў – 30. Прадпрыемстваў не існавала, у горадзе не было грамадскай лазні.

1825 г. У Оршы пабудавана драўляная Увядзенская царква на мураваных падмурках.

1825 г., студзень Хаваючыся ад пагоні, праз Оршу праязджаў удзельнік паўстання 14 снежня 1825 года ў Санкт-Пецярбургу Вільгельм Карлавіч Кюхельбекер (1797-1846), рускі паэт, блізкі сябра А. Пушкіна.

В.К. Кюхельбекер

1827 г. Заведзена справа аб уцёках з Аршанскага базыльянскага кляштара і паступленні ў Пінскі базыльянскі кляштар адной з манашак. Справа захоўваецца ў Архіве ўніяцкіх мітрапалітаў.

1828 г., 9 верасня Нарадзіўся Леў Мікалаевіч Талстой (м. Ясная Паляна Шчокінскага р-на Тульскай вобл., Расія), рускі пісьменнік. Памёр 20 лістапада 1910 г. Імем Льва Талстога названа вуліца ў Оршы.

Л.М. Талстой

1829 г. 29 студзеня Пачалася дзейнасць Беларускай навучальнай акругі. Існавала да 14 мая 1850 г.

1829 г., снежань Нарадзіўся Людвік Міхайлавіч Звяждоўскі (псеўданім Тапор; г. Вільня, Літва), удзельнік паўстання 1863-64 гг. у Польшчы, Беларусі і ў Літве. У 1863 г. паўстанцкі ваенны начальнік Магілёўскага ваяводства, у в. Зарубы Аршанскага павета стварыў атрад. Павешаны 15 (27) лютага 1864 г.

Л.М. Звяждоўскі

1829 г., 30 студзеня Ігумення Аршанскага жаночага базыльянскага манастыра Макрына Дэмбска звярнулася з лістом да ігумена Куцеінскага Богаяўленскага манастыра архімандрыта Амвросія, які тычыўся шлюбу паміж праваслаўнай сялянкай Богаяўленскага манастыра і селянінам-уніятам жаночага базыльянскага манастыра Сяргеем Малусевічам.

1830 г. У Оршы адчынілася павятовае чатырохкласнае (з 1837 года – пяцікласнае) дваранскае вучылішча. Вучылішча месцілася ў мураваным будынку былога трынітарскага кляштара (цяпер дом №21 па вул. Камсамольскай). Дзейнічала да 1865 г. У ім вывучаліся польская (да 1836 г.), руская, лацінская, французская і нямецкая мовы, фізіка-матэматычныя і прыродазнаўчыя навукі, асновы гісторыі, права, логікі.

Будынак былога трынітарскага кляштара. Фота Сяргея Сляпцова

1830 г., 17 лютага Магілёўскім губернатарам складзена “Ведамасць аб колькасці дамоў у гарадах губерні за 1829 г.”, згодна з ёй у Оршы налічвалася 5 мураваных і 369 драўляных дамоў. 1830 г. У Оршы адчынілася гарадское прыходскае аднакласнае вучылішча. Яно было прызначана для навучання дзяцей сялян. Вывучэнне агульнаадукацыйных прадметаў у ім не было прадугледжана. Вучні займаліся толькі асновамі земляробства і царкоўнымі спевамі. 1830 г. Пачалося будаўніцтва шашы Віцебск-Орша. У 1830-я гг. вялося будаўніцтва шашаваных дарог новага тыпу. Яны мелі дарожнае палатно, абочыны, кюветы і былі дакладна спланаваныя. На іх пасяродку ладзілася пакрыццё са шчэбню шырынёй 2,5 сажані (5,25 м). Такая шаша называлася “мак-адамам” у гонар вынаходніка.

1831 г. Ігуменам Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра быў Амвросій.

1831 г., май У Оршы была эпідэмія халеры. Эпідэмія тады ахапіла ледзь не ўсю Расію і працягвалася каля трох месяцаў.

1831 г. У Оршы мелася адна бальніца і адзін урач. З паступіўшых у бальніцу 458 хворых памёр 71. Цяжкае матэрыяльные становішча большасці жыхароў, антысанітарнае становішча горада, адсутнасць медыцынскай дапамогі прыводзілі да эпідэмій, якія ўнасілі жыцці соцень жыхароў.

1831 г. У Магілёўскай і Віцебскай губернях скасаваны Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.

1832 г., 1 мая Мікалай І падпісаў указ аб заснаванні ў Оршы вышэйшай навучальнай установы, якая, на жаль, так і не была адчынена.

1832 г., 18 ліпеня Выдадзены ўказ імператара Мікалая І аб скасаванні некаторых кляштароў, якія былі некамплектныя (не маючыя поўнага складу манахаў), а іх памесці былі перададзены казне. У адпаведнасці з ім былі зачынены кляштары бернардзінцаў, трынітарыяў і базыльянаў у Оршы. Былы базыльянскі кляштар пераўтвораны ў Пакроўскі мужчынскі праваслаўны манастыр.

Мікалай І

1833 г. Выдадзены Маніфест аб увядзенні ў дзеянне з 1835 г. “Збору законаў Расійскай імперыі”.

1833 г. Аршанская гарадская дума, магістрат і гараднічы вымушаны былі прасіць у магілёўскага губернатара дапамогі жыхарам горада: “Поелику города Орши некоторые граждане, хозяева и сверх сего вдовы и сироты, не имеющие малейшего имения, претерпевают по неурожаю и дороговизне в хлебе к пропитанию и крайней бедности недостаток... то, состовя о таковом списки, полагаем о испрошении такового”. У спісе жывучых у нястачы мелася каля тысячы чалавек, г.з. трэцяя частка ўсіх жыхароў. Аднак дапамогі ад ураду яны не дачакаліся, хіба толькі ім адтэрмінавалі выплату падаткаў. Дарэчы, гараджане плацілі тады розныя дзяржаўныя і мясцовыя падаткі і выконвалі шматлікія натуральныя павіннасці. Галоўным з дзяржаўных падаткаў быў падушны збор, стаўка якога ў горадзе пераўзыходзіла сельскую ў 2 разы. Земскі падатак прызначаўся на ўтрыманне гарадскога магістрата, паліцыі, турмаў, паштовай службы, навучальных і медыцынскіх устаноў і іншыя мэты. З мяшчан-яўрэяў, а ў горадзе яны складалі амаль палову насельніцтва, дадаткова спаганяліся зборы на карысць яўрэйскай абшчыны (кагала) і ўтрыманне яўрэйскіх школ. Усе будаўнічыя работы грамадскага прызначэння ў гарадах выконвалі самі жыхары або плацілі спецыяльны падатак. Усяго гараджане плацілі падаткі і выконвалі павіннасці па 40 розных відах. Грашовыя зборы з гараджан вагаліся ад 15 да 25 руб. на душу і з’яўляліся непасільнымі для большасці жыхароў. У сувязі з гэтым няспынна раслі нядоімкі, а даходы гарадоў былі мізэрнымі. Так, з 1821 па 1842 год нядоімкі з жыхароў Оршы выраслі больш чым у 12 разоў.

1833 г. 6 снежня Аршанскім уніяцкім біскупам стаў Васіль Лужынскі гербу “Любіч”.

Васіль Лужынскі

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Ілюстраваная храналогія гісторыі і культуры Оршы.

1821 - 1833

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение