Заключны тур адборавага турніру да чэмпіянату Еўропы па футболе (U-17) завітае і ў наш горад. Астатнія матчы праходзілі ў Магілёве. А ў апошнім туры адбудуцца дзве паралельныя сустрэчы. А 12.00 у Магілёве паспрачаюцца зборныя Беларусі і Казахстана, а ў Оршы на Гарадскім стадыёне паралельна пройдзе сустрэча Славеніі і Францыі.
Варта адзначыць, што Оршы нямала пашанцавала — яна прыме самы рэйтынгавы матч групы, што і даказалі папярэднія сустрэчы. На вялікі жаль, зборная Беларусі не здолела канкураваць са славенцамі і з "трохколернымі". У першым туры нашы землякі прайгралі славенцам 0:1, а ў другім камандзе Францыі 1:3. Не паказаў нічога выдатнага ў матчах з лідэрамі і Казахстан. У першым туры казахі разгромна саступілі французам 0:5, а ў другім туры прайгралі славенцам 0:1. Так што напярэдадні матчу з беларусамі ў казахаў нават няма забітых мячоў.
Паводле рэгламенту, у наступны раўнд кваліфікацыі праходзяць па два пераможцы 13 групаў, а чатыры лепшыя каманды з ліку 3-х месцаў дабіраюцца па лепшых выніках сустрэч з пераможцамі квартэту. Зборная Беларусі не здолее выйсці ў наступны раўнд кваліфікацыі, бо прайграла як славенцам, так і французам. У нашай групе, якае мае парадкавы 6-ты нумар, далей пойдуць толькі каманды Славеніі і Францыі. У Оршы яны вызначаць, хто з іх будзе першым, а хто другім. Улічваючы тое, што маленькая, 2-мільённая Славенія славіцца сваёй футбольнай школай, а пра Францыю і казаць залішне, цалкам верагодна, што сярод 16-17 гадовых футбалістаў, якіх сёння маюць магчымасць пабачыць аршанцы, знаходзяцца суперзоркі еўрапейскага футбола самай блізкай будучыні.