Большасць назіральнікаў адзначае, што на час абедзеннага перапынку скрыні для галасавання пакідалі пад аховай міліцыі не апячатанымі.
Праваабаронца Павел Левінаў стаў сведкам такога парушэння:
"Падчас майго назірання на ўчастку №40 у Першамайскім раёне я заўважыў, як жанчына прыйшла галасаваць і пачала пра нешта цішком перамаўляцца з сябрамі камісіі. Прыслухаўся: аказваецца, яна хацела прагаласаваць не толькі за сябе. Але тут высветлілася, што яна ў спісах суседняга ўчастка -- №39. Жанчына пайшла туды, я за ёй… Паспеў якраз убачыць, як ёй выдавалі камплект бюлетэняў для двух асобаў. Усе адзнакі ў іх яна ставіла, нават не заходзячы ў кабіну, а заўважыўшы мяне, пачала хутка складаць паперкі.. У выніку ледзьве змагла ўвапхнуць іх у вузкую шчыліну, і ў празрыстай скрыні добра відаць, што складзеныя бюлетэні – гэта не адзін камплект, які мусіць выдавацца асабіста выбаршчыку, а некалькі".
Вадзіму Кузьміну, які прысутнічаў у якасці назіральніка на ўчастку №35, што ў Першамайскім раёне, выбарчая камісія адмовілася паведаміць звесткі пра колькасць выбаршчыкаў, колькасць бюлетэняў і колькасць тых, хто хоча прагаласаваць на даму.
Вадзім Кузьмін распавядае:
"Я напісаў скаргу на імя старшыні ўчастковай камісіі, што ўтойванне гэтых лічбаў разглядаю як стварэнне магчымасцяў для парушэння закону і фальсіфікацыі выбараў. Не магу ўстрымацца, каб не працытаваць адказ старшыні Ігара Керасёва. Ён напісаў літаральна наступнае: "этот фальшивый и гнусно поганый опус я оставляю без удовлетворения и рассматриваю его как попытку создания препятствий для проведения выборов".
Гэты "адказ" старшыні ўчастковай камісіі Вадзім Кузьмін накіраваў на разгляд у пракуратуру і абласную выбарчую камісію. Давялося накіраваць туды адразу некалькі скаргаў. Адна з іх – на сумнёўныя ўмовы захавання скрыні з для бюлетэняў, працягвае актывіст:
"Участак №35 месціцца ў доме 25 па вуліцы Чкалава, гэта спартова-культурны цэнтр "Единство" пры ЖЭУ №21. Уласна ўчастак знаходзіцца ў спартовай зале. Калі яго зачынялі на абедзенны перапынак, я спытаўся, як будзе захоўвацца скрыня. Мне сказалі, што тут і будзе, пад аховай міліцыянта. Я вырашыў дзяжурыць таксама, ужо пад дзвярыма. І ўбачыў, што ў 15.30 да дзвярэй памяшкання падыйшоў чалавек з "дыпламатам". Мне ён сказаў, што ён "манцёр", а потым пастукаўся, і міліцыянт яго пусціў унутр! Калі праз некалькі хвілін з'явіліся старшыня і сябры камісіі, я пра гэта ім паведаміў. Старшыня камісіі зноў пачаў папракаць мяне ў грубай форме за "спробы сарваць выбары". Але як толькі ён зайшоў туды, невядомы чалавек з "дыпламатам" выскачыў з памяшкання і кінуўся на ўцёкі. У памяшканні, дзе не мусілі знаходзіцца пабочныя асобы, ён прабыў амаль паўгадзіны. Але мне не далі праверыць, ці цэлыя пломбы на скрыні для галасавання. І ўвогуле пасля гэтага інцыдэнту стаўленне да мяне стала больш жорсткім. Мне нават забаранілі падымацца з месца, каб нешта ўбачыць на ўчастку".