Скончыўся футбольны сезон у І лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. У заключным туры на Гарадскім стадыёне "Орша" прымала светлагорскі "Хімік". У першай палове чэмпіянату аршанцы саступілі ў Светлагорску 2:4, але цяпер узялі рэванш. Па матчу прасочвалася перавага "Оршы", але ў першым тайме сіня-белыя не рэалізавалі свае моманты. Забіць удалося ў другім тайме, на 59-й хвіліне вызначыўся Раджабаў. А на 80-й хвіліне гол забіў пасля выхаду на замену Мікалай Кітаёў. За хвіліну да канца сустрэчы за дзве жоўтыя карткі быў выдалены паўабаронца сіня-белых Міхаіл Шчарбакоў, але на лік гэта не паўплывала. Перамога "Оршы" 2:0.
Орша: Харытонаў, Вараб'ёў, Пракопчык, Мараў, Хількевіч, Жданок (Кітаёў, 58), Трачынскі, Шчарбакоў, Раджабаў, Знак (Сазанкоў, 79), Хадневіч.
Перамога над "Хімікам" дапамагла аршанцам падняцца на 9-е месца ў турнірнай табліцы. Апярэдзіць "Хімік" і "Слонім", якія таксама набралі па 37 пунктаў, атрымалася за кошт лепшай розніцы забітых і прапушчаных галоў. Аляксей Хадневіч з 14 галамі стаў трэцім бамбардзірам сезону, а больш за ўсіх забіў Юрый Казлоў з менскага "Промня", на яго рахунку 16 галоў.
Варта дадаць, што аршанцы ў канцы сезону выдалі серыю з 4-х матчаў без паразаў, у якой нічыі з лідэрамі "Тарпеда" і "Лакаматывам" не далі тым камандам выйсці ў Найвышэйшую лігу.
Летась аршанцы фінішавалі на 7-й пазіцыі.