Аўтамабільны і чыгуначны тэрміналы мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу "Брэміна-Орша" ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёна плануюць здаць у эксплуатацыю ў IV квартале гэтага года. У сувязі з адкрыццём аб'ектаў, колькасць працоўных месцаў павялічыцца на 80 адзінак. Прычым чакаецца паступовы рост да 160 месцаў у 2019 годзе.
Будаўніцтва аўтамабільнага тэрмінала пачалося яшчэ ў кастрычніку мінулага года. У яго склад увойдуць стаянка на 200 грузавых аўтамабіляў, склад агульнай плошчай 10,4 тысяч квадратных метраў, адміністрацыйны будынак і інжынерныя сеткі. Паралельна вядзецца праектаванне чыгуначнага інтэрмадальнага тэрмінала, піша "СБ". Гэта пад'язныя чыгуначныя шляхі, кантэйнерны тэрмінал, склад плошчай 3000 квадратных метраў, АБК, стаянка для грузавога транспарту, інжынерныя аб'екты і сеткі.
- Маштабны праект дасць магчымасць эфектыўна выкарыстоўваць геаграфічнае размяшчэнне рэгіёну на скрыжаванні міжнародных транспартных калідораў "Поўнач-Поўдзень" і "Захад Усход" і прыцягнуць прамыя замежныя інвестыцыі для стварэння на тэрыторыі комплексу вытворчых, лагістычных, навукова-даследчых, гандлёвых і іншых камерцыйных арганізацый з правам электроннага афармлення і абслугоўвання камерцыйных аперацый, -упэўнена намеснік начальніка аддзела эканомікі Аршанскага райвыканкама Іна Трэбнікава. - Таксама праект створыць эфектыўныя ўмовы інтэграцыі краіны ў глабальныя лагістычныя схемы руху тавараў і развіцця вытворча-гандлёвай кааперацыі паміж арганізацыямі краін Еўропы і Азіі.