Падведзены вынікі першага этапу рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» для вучняў 7 і 8 класаў. На працягу 2 з паловай месяцаў удзельнікі конкурсу запісвалі відэа, на якіх яны чытаюць творы са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Школьнікі з усёй Беларусі даслалі на конкурс 2048 відэа агульнай працягласцю больш за 45 гадзін. У сацыяльных сетках гэтыя ролікі набралі ўжо больш за 700 000 праглядаў.
У склад журы конкурсу ўвайшлі пісьменнік, рэдактар часопіса «Вясёлка», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Ліпскі, пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раіса Баравікова, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна, акцёр і тэлевядучы Юрый Жыгамонт, паэткі Кацярына Массэ і Маргарыта Латышкевіч.
У спіс пераможцаў па Віцебскай вобласці трапілі пяць дзяўчын з нашага рэгіёну. Гэта Кацярына Белянкова з сярэдняй школы імя Смірнова ў гарадскім пасёлку Арэхаўск, Дарына Ізмайловіч з Макшанскай сярэдняй школы імя Гараўца, што ў Сенненскім раёне, Кацярына Калуга, якая навучаецца ў школе № 3 Оршы, Паліна Капылова з школы № 1 у горадзе Дуброўна, а таксама Анастасія Лазарэнка з гімназіі № 2 Оршы.