28-га студзеня спартовы комплекс "Алімпіец" у Оршы прыме фінал Кубка Беларусі па міні-футболе. Упершыню ў гісторыі лёс прэстыжнага трафею вырашыцца ў нашым горадзе. Было б добра, каб і пры ўдзеле аршанскай каманды. "Вітэн" дабраўся да паўфіналу, супернікам каманды ў якім стане "Граніт" з Мікашэвічаў. Першы паўфінальны паядынак адбудзецца якраз на будучай пляцоўцы фіналу, у "Алімпійцы". Сустрэча пройдзе 21-га студзеня, пачатак а 14:00.
Калі ў двухматчавай дуэлі мацнейшым акажацца "Вітэн", тады 28-га студзеня каманда атрымае магчымасць заваяваць тытул на вачах сваёй публікі. Да паўфіналу з "Гранітам" рыхтуюцца ў тым ліку і Антон Гусакоў, Аляксандр Мароз і Сяргей Сілівончык, якія напярэдадні вярнуліся ў Оршу з Ірану, дзе выступалі за зборную Беларусі. На жаль, нацыянальная зборная нашай краіны двойчы саступіла іранцам 0:5 і 1:2. Дарэчы, адзіны мяч беларусаў у Тэгеране якраз на рахунку Гусакова.