У Чэхіі 19-21 студзеня адбыўся жаночы чэмпіянат Еўропы па індорхакеі — зімовай разнавіднасці хакея на траве. Беларускі пад кіраўніцтвам галандскага трэнера Хермана Крэйса выйгралі бронзавыя медалі! У складзе каманды важную ролю адыграла аршанка Марына Нікіціна, якая пасля "Тэмпа" выступала за баранавіцкі "Тэкстыльшчык", а цяпер гуляе за "Вікторыю" са Смалявічаў.
У першым жа матчы турніру беларускам супрацьстаялі чэмпіёнкі Еўропы мінулага розыгрышу, каманда Нідэрландаў. На жаль, наша зборная нічога не змагла супрацьпаставіць галандкам, параза 2:7. Але затым нашы суайчынніцы разграмілі Швейцарыю 6:1, а затым перагулялі Польшчу 5:2, прычым адзін гол забіла Марына Нікіціна.
У паўфінале, на жаль, зборная Нямеччыны зламала супраціў нашай каманды, беларускі саступілі 4:5 ва ўпартай барацьбе. А ў матчы за 3-е месца беларускі сустракаліся з камандай Чэхіі. Перамога 5:3, адзін з галоў за Нікіцінай, і зборная Беларусі выйграе бронзавыя медалі чэмпіянату Еўропы! А ў фінале Нямеччына і Нідэрланды згулялі 1:1, а па булітах немкі вырвалі тытул чэмпіёнак.