03:00

-3

5 м/с

1006 гПа

06:00

-4

7 м/с

1006 гПа

09:00

-3

7 м/с

1006 гПа

12:00

-1

8 м/с

1005 гПа

15:00

-0

7 м/с

1004 гПа

Орша, Спорт

Дзе цяпер Ігар Жалязоўскі?

26.01.2018 17:40

3582 прагляду, 7 каментароў

Ігар Жалязоўскі пра наведванне Оршы, бел-чырвона-белы сцяг, канькабежны спорт, палітыку і свой бізнэс.

За свае ўнікальныя дасягненьні знакаміты беларускі канькабежац, шматразовы чэмпіён сьвету, двухразовы прызэр Алімпійскіх гульняў Ігар Жалязоўскі ўнесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Аднак на радзіме ягоны досьвед незапатрабаваны. Чаму?

Пра крутыя віражы лёсу і цяперашнія жыцьцёвыя прыярытэты выбітны спартовец пагутарыў з карэспандэнтам Свабоды за два тыдні да старту XXIII Алімпійскіх гульняў у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане.

Зорная кар’ера і непатрэбны імпэт спартовага функцыянэра

Тры дзясяткі гадоў таму прозьвішча Жалязоўскага ў вялікім спорце стала сынонімам неверагодных чалавечых магчымасьцяў. Ён адзін з наймацнейшых канькабежцаў-спрынтэраў свайго часу, рэкардсмэн сьвету на дыстанцыях 1000 і 1500 мэтраў і ў спрынтэрскім шматбор’і.

З агульных 88 стартаў на этапах Кубку сьвету 54 разы ўздымаўся на подыюм, зь іх 30 — на найвышэйшую прыступку. Тры гады запар беларус перамагаў у агульным заліку Кубку сьвету (1991-93). Шасьціразовы чэмпіён сьвету (1985, 1986, 1989, 1991, 1992, 1993) — дасягненьне, якое стала падставай для ўключэньня ў Кнігу рэкордаў Гінэсу.

Пяць разоў прызнаваўся найлепшым беларускім спартоўцам (1985, 1986, 1989, 1991, 1993).

Што не атрымалася ў прафэсійнай біяграфіі, дык гэта паставіць тлустую кропку ў выглядзе алімпійскага золата. Жалязоўскі — адзін з тых спартоўцаў, якія, хоць і былі наймацнейшыя ў сваім відзе, так і не скарылі Алімпу.

Тым ня меней стаў першым у гісторыі атлетам, хто здабыў алімпійскую ўзнагароду для незалежнай Беларусі — срэбра Лілехамэра ў 1994 годзе (шасьцю гадамі раней была бронза ў Калгары, але ў складзе зборнай СССР).

Жалязоўскі на Алімпійскіх гульнях 1988 году ў Канадзе

У 30-гадовым узросьце, акурат пасьля знакавай ва ўсіх сэнсах Алімпіяды, Ігар Жалязоўскі абвясьціў пра заканчэньне кар’еры.

Перайшоў на адміністрацыйную працу, стаў дарадцам міністра спорту. З улікам практычнага досьведу верыў, што здольны скіраваць беларускі спорт у бок разьвіцьця. Аднак сыстэма адмахнулася, агульнай пазыцыі з кіраўніцтвам ведамства знайсьці не ўдалося.

«Калі прыйшоў у міністэрства, было і жаданьне, і сілы, і ідэі, — згадвае ён. — Сьвежы, незамылены позірк. Мяне не цікавіла матэрыяльная частка, хацелася прывесьці ў адпаведнасьць з сучаснымі патрабаваньнямі відавочна састарэлыя рэчы. Аказалася, ня ўсё так проста. Міністар Уладзімер Рыжанкоў на ўсе прапановы — маўляў, які сэнс разьвіваць від, дзе няма базавых умоваў — толькі вочы закочваў. Вядома, цяжка ўзяць і сысьці. Усё ж значная частка жыцьця (мабыць, лепшая) прайшла ў спорце, таму і выхад быў паступовы. Пасьля Лілехамэра наступныя 10 гадоў заставаўся ў сыстэме — спачатку з жаданьнем, а потым гэта пачало раздражняць».

У сярэдзіне 1990-х пачалася праца над стварэньнем Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Беларусі, і маладога ды ініцыятыўнага функцыянэра адправілі на «падвышэньне», фактычна — «сплавілі» прэч з вачэй. Узначальваў арганізацыю цягам 1996–2001 гадоў, аднак ва ўмовах дзяржаўнага дыктату разгарнуцца напоўніцу таксама не ўдалося.

Паралельна на працягу амаль 10 гадоў кіраваў Беларускім саюзам канькабежцаў, у рамках якога, апроч профільнай дысцыпліны, адказваў за падрыхтоўку фігурыстаў і майстроў шорт-трэку. Заяву аб сыходзе на ўласнае жаданьне задаволілі ў 2005-м.

Быў сябрам выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту, на пачатку нулявых выведзены зь яго складу. Фармальнай прычынай стала тое, што праігнараваў алімпійскі сход з удзелам прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі. Сам Ігар Жалязоўскі «прагул» тлумачыць тым, што якраз пачаў спрабаваць сілы ў бізнэсе і ня мог зьявіцца на нараду на першы пстрык пальцаў — тэрміны перад гэтым ня раз пераносіліся.

Ігар Жалязоўскі, узнагароджаны мэдалём «За выбітныя заслугі» Нацыянальнага алімпійскага камітэту. 2013 год

«Магчыма, мяне ўспрымаюць як занадта крытычнага чалавека, чужароднага сыстэме стабільнасьці, — кажа ён. — Насамрэч, я рэаліст. І ў спорце шмат чаго дасягнуў перадусім таму, што заўсёды рэальна ацэньваў сытуацыю. Я не хачу, груба кажучы, хадзіць і за кімсьці падціраць розныя рэчы. Я такі, як ёсьць, гавару, што лічу патрэбным, не магу прамаўчаць там, дзе было б выгадна. І ні ў якім разе ня буду ісьці насуперак сваім перакананьням. Таму, натуральна, калі няма агульных інтарэсаў, дык ня трэба і пачынаць ніякую справу».

Адсутнасьць інтарэсу да рэфармаваньня галіны з боку зацікаўленых ведамстваў і ўсё большы вал крытыкі на адрас неўтаймаванага «падбухторшчыка» ўрэшце прымусілі сысьці з пасады.

У беспрацоўнай паўзе малодшы брат Валеры прапанаваў далучыцца да свайго бізнэсу, зьвязанага з пастаўкамі ў Расею прадукцыі менскага «Кераміну». Авансам атрымаў пасаду гендырэктара, стаў кіраваць падразьдзяленьнем у Маскве.

Кампанія разрасталася, дасьпелі да таго, каб наладзіць уласную вытворчасьць. Сёньня ў склад АТА «Фрылайт» уваходзяць прамысловыя магутнасьці пад гандлёвымі маркамі «Ўральскі граніт» і «Кераміка будучыні». Прадукцыя сярэдняга і вышэйшага цэнавага сэгмэнту мае скласьці канкурэнцыю замежным для Расеі брэндам, у тым ліку і «Кераміну». Галаўны офіс Жалязоўскага-старэйшага — у «закрытым» горадзе Сьнежынску Чалябінскай вобласьці, дзе месьціцца адзін з керамічных заводаў.

«Бізнэс брата, ягоных калегаў узьнік як гандлёвая кампанія на базе «Кераміну», — кажа Ігар Жалязоўскі. — Стваралі тэрмінальныя склады, лягістычныя цэнтры, якія забясьпечвалі дастаўку прадукцыі па Расеі. Справы ішлі добра, пачалі будаваць свае заводы. Першы зьявіўся ў Піцеры, потым у Сьнежынску, дзе я афіцыйна працую, трэці нядаўна адкрылі ў Балабанаве Калускай вобласьці. Да «Кераміну» ніякага дачыненьня ўжо ня маем. Яшчэ калі закладалі першае прадпрыемства, узьніклі рознагалосьсі. І мы рушылі ў самастойнае плаваньне, асобна ад «Кераміну».

Каток аршанскага льнокамбінату і выхад на міжнародную арбіту

Ігар Жалязоўскі нарадзіўся 1 чэрвеня 1963 году ў Воршы. Займацца канькамі пачаў у трэнэра Мікалая Гапеенкі, які знайшоў таленавітага выхаванца мэтадам выключэньня — хадзіў на ўрокі фізкультуры і адбіраў для трэніровак найбольш выносьлівых хлопчыкаў.

Беларускі канькабежац Ігар Жалязоўскі і ягоны першы трэнэр Мікалай Гапеенка

Да 8-й клясы Ігар ужо намотваў па 100 кругоў на катку мясцовага льнокамбінату, які залівалі на беразе Дняпра — цяпер на тым месцы пляцоўка для хакею на траве. Ужо ў 16 гадоў яго забіраюць у зборную СССР, зь ім працуюць спэцыялісты найвышэйшага ўзроўню. Найбольшы ўнёсак у загартоўку будучага чэмпіёна зрабіў вядомы расейскі спэцыяліст Валеры Муратаў.

«Ня ведаю, ці робяць у Воршы каток цяпер, а раней гэта было сьвята, — успамінае аршанец. — Музыка праз рэпрадуктары, песенькі бадзёрыя. Раніца, марозік, машына лёд залівае, сонейка ўстае — кляс! Людзей вельмі шмат каталася. Цяпер усё ня так. Моладзь схавалася ў віртуальнай рэальнасьці, скрозь кампутаршчыкі, праграмісты. Які лёд, які сьнег? У гаджэтах можна сябе „зьляпіць“ кім заўгодна. Але магутны тэхналягічны скачок саслужыў і кепскую службу, бо рэальнае жыцьцё адыходзіць на задні плян. Той жа спорт — калі раней гэта была масавая зьява, то сёньня нейкі асобны рух».

У Воршы сям’я Жалязоўскіх збольшага наездамі. Пазалетась ня стала маці, бацька адыйшоў яшчэ раней; блізкія сваякі паразьяжджаліся хто куды. Праўда, жыве шматлікая радня жонкі Таісы, таксама карэннай аршанкі, таму спыніцца ёсьць дзе.

«Адзіная, хто з майго боку яшчэ засталася ў Воршы, — родная цётка, — працягвае суразмоўца. — Бацькі памерлі, мама адносна нядаўна, два гады таму. Жыла якраз недалёка ад ільнокамбінату, літаральна праз Дняпро. Астатнія сваякі, хто старэйшы — памерлі, дзядзькі Анатоль і Ўладзімер па лініі Жалязоўскіх жывуць у Віцебску і Менску; на свой сорам, таксама даўно іх ня бачыў... Езьдзім у асноўным на могілкі, наведваем памерлых — з Масквы ня так далёка, пяць гадзін на машыне, зь Менску зусім блізка. Так што выбіраемся абавязкова. Ну, і, дзякуй богу, у жонкі тры сястры і брат у Воршы, зь імі ўсё добра».

Развал савецкай імпэрыі і страта базавай інфраструктуры

Ігар Жалязоўскі кажа, што даўно па-за публічнай сфэрай, таму ня мае ніякага жаданьня «сьвяціцца» ў якасьці вялікага знаўцы працэсаў у сучасным спорце. Паўтара дзясятка гадоў у новым статусе дадалі разуменьня, што жыць выключна былымі перамогамі — шлях у пэўным сэнсе тупіковы.

Ігар Жалязоўскі

«Я амаль ня ўдзельнічаю ў спаборніцтвах — маю на ўвазе ў якасьці госьця, — кажа ён. — Праца суправаджаецца няспыннымі разьездамі паміж Масквой, Піцерам, Чалябінскам, Менскам, часу на цырыманіялы няма. Дый рэальны інтарэс да спорту аціх. Мала сачу нават за значнымі падзеямі. Выключэньне — хіба свае дысцыпліны, мужчынскія спрынтэрскія праграмы. Проста сам па сабе цікавы, эмацыйны від. Я ж былы канькабежац, прафэсіянал, які нібыта ведае ўнутраную кухню. Але, па вялікім рахунку, ад усяго дыстанцыяваўся».

Пасьля завяршэньня канькабежнай кар’еры Ігар Жалязоўскі меў усе магчымасьці працягнуць спартовае жыцьцё ў якасьці трэнэра. Але катэгарычна адмовіўся. Па яго словах, паўтара дзясятка гадоў у рэжыме заўсёднай стартавай гатовасьці выключалі падобны варыянт адпачатку.

«Не было ніякіх перадумоваў, — кажа былы спартовец. — Зборная СССР трэніравалася на „Мэдэа“ (высакагорная спартовая база ў Казахстане. — РС), а куды ткнуцца ў Беларусі? Крыты каток збудавалі нашмат пазьней. Няма лёду — і ўсё, адразу складана. Прыблізна як разьвіваць хакей без стацыянарных пляцовак. Прапанавалі ўзяцца за канькабежны спорт, гэта значыць, вярнуцца да старога. Але я за сваё жыцьцё наезьдзіўся столькі, што не хацеў нікуды. Калі нехта рваўся за мяжу, на зборы, я марыў пра адно — быць зь сям’ёй».

Пачатак 1990-х для беларускіх «зборнікаў» адзначыўся ня толькі беспрэцэдэнтнымі геапалітычнымі працэсамі, выкліканымі развалам СССР, а і аўтаматычнай стратай колішніх базаў, асабістых трэнэраў, саюзнага фінансаваньня. Уласная інфраструктура міжнароднаму ўзроўню збольшага не адпавядала.

Сабраную на хуткую руку каманду СНД на зімовых Гульнях-1992 у францускім Альбэрвілі выставілі пад алімпійскім сьцягам. Як кажа беларускі ўдзельнік той зборнай, адсутнасьць уцямнай ідэнтыфікацыі напружвала і не спрыяла самааддачы.

Сюжэт амэрыканскага тэлеканала CBS пра Жалязоўскага да Алімпіяды-1992 (пачатак — 7 хв. 50 с.)

«Я тады моцна перажываў, — прызнаецца Ігар Жалязоўскі. — Зразумелая справа, статус зьмяніўся, прычым істотна. Бо што такое СССР — і раптам „нешта“, пра якое ніхто нічога ня ведае? Да разуменьня такой трансфармацыі таксама не адразу прыходзіш. Гэта першае. Па-другое, канкурэнцыя. Усе былі сябрамі, а тут — асобна расейцы, украінцы, беларусы. Вітаемся, усьміхаемся, але ўжо напружанасьць, дыстанцыя. Ведаю, што расейскае кіраўніцтва выгаворвала Валерыю Муратаву, зь якім мы дзясяткі гадоў разам, што ён мне дапамагае. Інтарэсы краіны ня могуць не адбіцца на адносінах паміж людзьмі. Таму Альбэрвіль і стаў няўцямным ва ўсіх сэнсах».

Архіўнае фота

Праз чвэрць стагодзьдзя сытуацыя ў чымсьці паўтараецца — у паўднёвакарэйскім Пхёнчхангу-2018 пад алімпійскімі кольцамі будуць выступаць расейскія атлеты. Праўда, не сумняецца суразмоўца, першапрычыны ўсё ж розныя — парад сувэрэнітэтаў тады і допінгавая залежнасьць цяпер.

«У нас пытаньне не стаяла — ехаць ці ня ехаць, — кажа Ігар Жалязоўскі. — А тут санкцыі супраць краіны, зусім іншая гісторыя. Адхілілі цэлую зборную, чыноўнікаў занесьлі ў чорны сьпіс. Фактычна кажуць: хочаш выступаць індывідуальна, „чысты“ — вось форма, будзеш сам па сабе. На пачатку 1990-х быў развал дзяржавы, паўсталі новыя. Часу на радыкальныя зьмены не было, заявілі каманду СНД. Паколькі без атрыбутыкі, то паставілі пад алімпійскі сьцяг. Сёньня расейскія спартоўцы, якія па-за допінгавымі гісторыямі, самі выбіраюць, удзельнічаць ці не. Праўда, ніхто ня ведае, якая насамрэч палітыка дзяржавы, бо могуць казаць адно, а рабіць іншае».

Чэмпіянат свету ў Осла, 1992 год

Рэакцыю на рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту пакараць Расею за разгалінаваную допінгавую сыстэму Ігар Жалязоўскі назірае штодня. «Змова», «рука Трампа», «спроба паставіць Расею на калені» — рыторыка, якая паўтараецца сьледам за афіцыйнай прапагандай. Але ў такім далікатным пытаньні Жалязоўскі не бярэцца быць за трацейскага судзьдзю.

«Я допінг ніколі не ўжываў і ня думаю, што ўсё трымаецца толькі на ім, — кажа ён. — Усё ж 10 гадоў выступаў у вялікім спорце, пробы здавалі кожны тыдзень. Так, практыка паказвае, што ён мае месца, існуюць праграмы, людзі, якія зарабляюць на распрацоўках. Але ёсьць спартоўцы іншыя — таленавітыя, працавітыя, разумныя, якія правільна падыходзяць да стартаў. Не кажу, што ў мяне не было мэдыцыны. Існавала падтрымка, давалі таблеткі, вітаміны для працы сэрца, пячонкі, каб аднавіць арганізм. Але сьвядомае ўжываньне? Хоць, зноў жа... Можа, я ня ведаў? (Сьмяецца)».

Незалежная дзяржава і яе нацыянальныя сымбалі

У алімпійскім Лілехамэры Ігар Жалязоўскі мог адзначыцца двойчы: як сьцяганосец зборнай Беларусі, якая на Гульнях-1994 дэбютавала самастойнай камандай, а пры ўдалым раскладзе — і як аўтар першай узнагароды для маладой краіны.

1994 год

Удалося напалову. У апошні момант дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг даручылі біятляністу Яўгену Рэдзькіну — у апэратыўным штабе прыйшлі да высновы, што мэдалёвага канькабежца варта паберагчы перад стартам, прызначаным на наступны дзень. У пэрспэктыве крок апраўдаўся, хоць не ў максымальна чаканым варыянце: замест заплянаваных трох золатаў толькі аднойчы здарылася срэбра.

Цікаўлюся ў Ігара Жалязоўскага, ці пасьпеў той за два гады пасьля «няўцямнага Альбэрвілю» ўсьвядоміць сябе чалавекам, які выступае не за расплывістыя наддзяржаўныя ўтварэньні, а абараняе гонар сваёй радзімы?

«Вядома, я ж ня дурань, — сьмяецца ён. — Калі ёсьць дзяржава Беларусь, у якой я жыву, што ж тут не асэнсаваць? Яшчэ за год да таго, у 1993-м, я выйграў чарговы чэмпіянат сьвету ў Японіі. Па ўсіх, як кажуць, ведамасьцях ужо праходзіў як беларус. Стаяў на п’едэстале пад бел-чырвона-белым сьцягам, ганарыўся, што прынёс золата сваёй краіне. Адзінае, што рыхтавацца насамрэч стала цяжэй. Страціў каманду, трэнэра, лекара, масажыста, застаўся сам. Па інэрцыі мне яшчэ дапамагалі, бо рухаліся паралельна, але ў іх адна форма, а ты ўжо зялёна-сіні. Працэс „ломкі“ адчуваўся. Нібыта людзі вакол усё тыя самыя, ды ўжо не зусім».

Перадавіца газэты «Прессбол» пасьля таго, як Жалязоўскі прынёс сувэрэннай Беларусі першы мэдаль на зімовай Алімпіядзе. 22 лютага 1994 году

Ігар Жалязоўскі назаўсёды застанецца сярод тых нешматлікіх беларускіх спартоўцаў, у гонар якіх на спаборніцтвах найвышэйшага рангу ўздымаўся нацыянальны сьцяг. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году ў абарачэньне было вернута палотнішча бээсэсэраўскага ўзору, кароткая эпоха гістарычнай сымболікі завяршылася. З гэтай прычыны ён дазволіў сабе выказваньне, якое, не выключае, стала падставай, каб занесьці яго ў «дэструктыўныя элемэнты».

У адным з інтэрвію безапэляцыйна заявіў: «Займаюцца глупствам, сьцяг мяняюць. Больш няма чым у краіне заняцца?..»

У прэзыдэнцкай адміністрацыі патэнцыйнага апазыцыянэра «з палітычнымі амбіцыямі» адразу ж занатавалі. А Лукашэнка ва ўласьцівай яму манеры неўзабаве папракнуў: маўляў, лепш бы выхаваў двух-трох такіх Жалязоўскіх, чым лезьці не ў свае справы.

«Наш гістарычны сымбаль, дык навошта ад яго адмаўляцца? — зьдзіўлены ён. — Дастаткова нават крыху заглыбіцца ў мінулае, і стане зразумела: гэта якраз і ёсьць сапраўдны сьцяг. Мы зь ім паўтысячы гадоў разам, як можна такое ігнараваць? Якая б ні была палітыка, хто б ні прыходзіў да ўлады, гістарычныя атрыбуты кранаць нельга. Ну што нам той чырвона-зялёны сьцяг? Толькі як напамін пра Савецкі Саюз, бо яго па шаблёну намалявалі і нам, і іншым рэспублікам. Але ж гэта не пачатак Беларусі. Дык навошта маніпуляваць сьвядомасьцю? Няўжо сур’ёзна лічаць, што ўсё пачалося толькі ў 1917-м?»

На думку Ігара Жалязоўскага, нацыянальную атрыбутыку ўлады намагаюцца прынізіць, асацыюючы яе з «ваяўнічай апазыцыяй», хоць такія дадумкі ня маюць нічога агульнага з рэальнасьцю.

«Сьцяг, герб спрабуюць зрабіць „апазыцыйнымі“ — адпаведна, не дазваляюць, забараняюць, — кажа ён. — Наадварот, прынялі б як належнае, можа, і апазыцыя б супакоілася. Як на мой розум, ня той выпадак, каб настолькі завастраць увагу. Што такога дрэннага ў сьцягу ці ў „Пагоні“? Апанэнты ўладаў, якія выступаюць пад гэтымі сымбалямі, яны ж іх не прыватызавалі. Гэта сьцяг літвінаў, Вялікага Княства, сьцяг нашай зямлі, нашага народу, калі браць агулам. Так ці не? Пратэставаць можна і пад чырвона-зялёным, таксама будзе апазыцыя. А ў нас хочуць паставіць знак роўнасьці там, дзе гэтага няма».

Барацьба за мандат і расчараваньне ў местачковай палітыцы

Хоць Ігар Жалязоўскі лічыць сябе апалітычным чалавекам, аднойчы ад спакусы паспрабаваць сябе ў дзяржаўным жыцьці не ўстрымаўся. Праўда, удакладняе, што не з уласнай волі — выкарысталі як прынаду, а ён бяздумна пагадзіўся.

У 2000 годзе балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў з пасады старшыні Паралімпійскага камітэту Беларусі. Дарэчы, паралельна зь іншым славутым спартоўцам, шматразовым чэмпіёнам сьвету і Алімпійскіх гульняў у веславаньні Ўладзімерам Парфяновічам.

Забягаючы наперад, нагадаем, што для Жалязоўскага тая кампанія нічым ня скончылася, а Парфяновіч хоць і стаў дэпутатам, але праз апазыцыйную рыторыку страціў усё — пасаду на чале Беларускай фэдэрацыі веславаньня, бізнэс, права на працу ў Беларусі.

«Пытаньні палітыкі ў Беларусі адчуваюцца надзвычай востра — як і ў Расеі, — кажа ён. — Калі маеш уласную думку, наўрад ці табе дадуць нармальна працаваць. То бок кожны можа апынуцца ў скуры Парфяновіча. Я ніякіх амбіцый ня меў, але на працы зацыкліліся: давай сунем у дэпутаты! Ну, і ўгаварылі. Якраз былі Паралімпійскія гульні ў Сыднэі, нават быў вымушаны раней адляцець на другі тур. Шчыра кажучы, як толькі ўвязаўся ў тую авантуру, зразумеў, што займаюся абы-чым. Езьдзіш па прадпрыемствах, нясеш нейкую лухту. У выніку выйграў дырэктар адной з аршанскіх школ, і я ўздыхнуў з палёгкай. Пра той вопыт нават ня ўзгадваю».

Ігар Жалязоўскі ўсьцешаны, што апошнія паўтара дзясятка гадоў ягоная дзейнасьць практычна ніяк не перакрыжоўваецца з чыноўнікамі ні ў дзелавых, ні ў спартовых колах.

Ён не сумняецца, што спробы падпарадкаваць галіну кіраўнікам дзяржаўных ведамстваў у разьліку, што тыя забясьпечаць той ці іншы від спорту матэрыяльна, заведама бясплённыя. Дакладна гэтак жа, на яго думку, ня месца прэзыдэнту краіны на чале Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

«Дакладна не прэзыдэнцкая гэта справа, — упэўнены экс-спартовец. — Спорт павінны рухаць не палітычныя, фінансавыя ці гаспадарчыя структуры, а спэцыялісты. Ніхто не перашкаджае аказваць спонсарскую дапамогу — ну, увядзіце тады чыноўніка ў фэдэрацыю ганаровым старшынём. Хоча кіраваць — хай сабе, але ж так не бывае! Хто вызваліць ад асноўнай працы? Таму толькі вясельныя генэралы. Міністар ці бізнэсовец і без таго занятыя людзі. Нарэшце, ці дала нешта такая практыка, калі прааналізаваць? Ёсьць нейкі пазытыўны рух? Калі ніякага толку, значыць, гэта няправільна».

Падчас працы ў Мінспорту, Беларускім саюзе канькабежцаў і Паралімпійскім камітэце Ігар Жалязоўскі прапаноўваў уласную канцэпцыю разьвіцьця вялікага спорту ў Беларусі. Яна палягала ў тым, каб скараціць колькасьць прыярытэтных відаў да 10, дзе ў беларусаў ёсьць рэальныя пэрспэктывы і на якія мэтазгодна закладаць сур’ёзнае фінансаваньне. Сродкі ад падтрымкі заведама «прахадных» дысцыплін, на яго думку, варта пераарыентаваць на патрэбы дзіцячага і юнацкага спорту.

Гэта азначала б насычэньне галіны рэальным зьместам нават без дадатковых укладаньняў. З аднаго боку, прыярытэтныя віды замацоўваліся ў сусьветнай эліце, зь іншага, моладзь атрымлівала трывалы падмурак і магчымасьць «выстрэльваць» у новых відах. Аднак, прызнаецца Жалязоўскі, на ўсе ягоныя ініцыятывы чыноўнікі круцілі пальцам ля скроні.

«Заўсёды зьдзіўляла, што трацім грошы на зборы, а не на спаборніцтвы — маўляў, слабыя яшчэ, трэніруйцеся, — працягвае ён. — Наадварот, трэба ўкладаць у турніры! Каб я меў мэту, мог і да 40 гадоў сядзець у зборнай, катацца, есьці, піць, хадзіць у казённай форме. І пры гэтым нікуды ня езьдзіць, бо няма вынікаў. Клясна, санаторый! Усё жыцьцё імітаваць, нічога не паказваць, а дзяржава на цябе траціцца. Абсурд! Толькі спаборніцтвы даюць штуршок наперад, не трэніроўкі».

Алімпійская прамашка і абыякавасьць да свайго мінулага

Падобныя адносіны адахвоцілі ня толькі ад таго, каб быць карысным грамадзкасьці, але і ад самога спорту. На пытаньне — калі апошні раз станавіўся на канькі — Ігар Жалязоўскі адказаў працяглай паўзай, а пасьля гучным сьмехам. Аказалася, падчас адкрыцьця ў Менску канькабежнага стадыёну, куды яго запрасілі ў якасьці аўтарытэтнай масоўкі. Здарылася гэта ў 2012 годзе.

«Не, на канькі амаль не станаўлюся, — адмахваецца экс-канькабежац. — Апошні раз выходзіў на лёд якраз у Менску, калі здавалі крыты каток. Добра пакатаўся, панесла, што называецца, без тармазоў. Назаўтра, думаю, трэба паўтарыць. А ўстаў — усё баліць, ногі не ідуць. Ды ну яго! Чым старэйшы, тым часьцей заўважаеш, што па лесьвіцы цяжка падняцца. Калі раптам прабегчыся трэба, адкашляцца ня можаш. А 30 гадоў таму былі калясальныя нагрузкі, і здавалася, што так і трэба... Ужо слаба ўсьведамляю сябе тым, ранейшым. Часам здаецца, што не са мной было наогул. Не жыву мінулым, практычна ніколі не ўспамінаю».

Не пераймаецца ўганараваны спартовец і наконт таго, што скарыў усе магчымыя вяршыні, апроч алімпійскай. Хоць і згодзен, што сабраць поўную калекцыю ўзнагародаў лішнім не было б.

«Шчыра кажучы, я ад самага юнацтва ставіўся да Алімпійскіх гульняў індыфэрэнтна, — прызнаецца суразмоўца. — Можа, таму так і ня змог толкам на іх настроіцца. А вось пра чэмпіянаты сьвету марыў, адпаведна, і ўнутраная мабілізацыя была на парадак вышэйшая. Таму стаўлюся да гэтага абсалютна спакойна. Не хачу, вядома, сказаць, што мне ўсё роўна. Але і пакутаў, самаедзтва няма. Само сабой, было б лепш, каб алімпійскае золата вісела на шыі. Ды вось ня лёс, няма яго».

Падзеі маючай адбыцца Алімпіяды не адкарэктуюць працоўны графік уганараванага беларуса. У лепшым выпадку, дапускае ён, акцэнтуецца на навінах са спрынтэрскіх дыстанцый, у якіх калісьці дамінаваў сам.

«Што па-сапраўднаму цікава, дык гэта разьвіцьцё — як усё рэзка рванула, — кажа суразмоўца. — Я калі выступаў, чэмпіёнскім вынікам на 500-мэтроўцы былі 36,5 сэкунды. Цяпер рэкорд сьвету — 34,0. Каб мне сказалі, што пры маім жыцьці „пяцьсотка“ палепшыцца адразу на 2,5 сэкунды, на што заўгодна пайшоў бы ў заклад, што быць такога ня можа. У мяне ж не атрымалася, здавалася, што ўжо мяжа чалавечых магчымасьцяў... Так, цяпер крутыя палацы, інвэнтар сучасны, канькі-„клапы“, як іх называюць. Іншыя хуткасьці. І ўсё роўна прагрэс шалёны. З такімі тэмпамі неўзабаве і ў 33 сэкунды пачнуць укладацца».

У славутага канькабежца трое дзяцей і дзьве ўнучкі. Сын жыве і працуе ў ЗША, абедзьве дачкі з мамай у Менску, сам гаспадар наяжджае дадому паміж камандзіроўкамі. Спробы перасяліцца ў Санкт-Пецярбург аказаліся бясплённымі — радзіма паклікала назад.

Дарэчы, ніхто зь дзяцей спартовым шляхам бацькі не пайшоў. Як жартуе Ігар Жалязоўскі, хапіла клопату з адным чэмпіёнам.

Ігар Карней

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Дзе цяпер Ігар Жалязоўскі?

Ігар Жалязоўскі пра наведванне Оршы, бел-чырвона-белы сцяг, канькабежны спорт, палітыку і свой бізнэс.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение