Спартовы комплекс "Алімпіец" стане месцам правядзення фіналу Кубка Беларусі па міні-футболе. За трафей, што важна для аршанцаў, пазмагаецца родны "Вітэн".
Яго супернікам па фінале будзе менская "Сталіца". У паўфінале "чырвона-чорныя" адолелі мікашэвіцкі "Граніт", а калектыў з Менску перамог у сталічным дэрбі "Дарожнік".
Фінал Кубка Беларусі прыме спартовы комплекс "Алімпіец", які знаходзіцца за Лядовай арэнай. Пераможца будзе вызначацца ў адзіным матчы. Пачатак сустрэчы а 14:00.
Прызначана і брыгада суддзяў на матч. Сустрэчу абслужаць Віталь Ракуцкі з Менскага раёну і Максім Дэйкала з Менску. Інспектарам матчу будзе Уладзімір Леўчанка, таксама з Менску. Спадзяемся, аднолькавая прапіска аднаго з суддзяў з адным з фіналістаў ніяк не паўплывае на арбітраж паядынку. Нас чакае адзін з важнейшых матчаў беларускага сезону ў міні-футболе.
Рэдакцыя Orsha.eu жадае футбалістам "Вітэна" добра падрыхтавацца да фінальнага матчу, перамагчы і пакінуць трафей у нашым горадзе!